На афіцыйным партале ўраду Польшчы запрацаваў беларускамоўны разьдзел

Скрыншот з урадавага парталу Польшчы

22 сьнежня на афіцыйным партале ўраду Польшчы зьявіўся беларускамоўны разьдзел. На старонцы адзначаецца, што яго падрыхтавалі для грамадзян Беларусі, якія вырашылі легальна знаходзіцца ў Польшчы і маюць патрэбу ў зразумелай і дакладнай інфармацыі адносна жыцьця ў гэтай краіне.

Стваральнікі разьдзелу пішуць, што там можна знайсьці карысныя парады наконт афіцыйных фармальнасьцяў, доступу да выплат, магчымасьцяў працаўладкаваньня, вядзеньня гаспадарчай дзейнасьці ці адукацыі дзяцей.

«Увесь апублікаваны зьмест мае афіцыйны характар і быў падрыхтаваны на падставе дзейных прававых нормаў, а таксама інфармацыі, прадастаўленай польскімі дзяржаўнымі ўстановамі. Наша мэта — палягчэньне штодзённага функцыянаваньня і інтэграцыі грамадзян Беларусі ў Польшчы».

На нядаўняй канфэрэнцыі ў Вільні, прысьвечанай сытуацыі беларусаў за мяжой, юрыстка Алеся Пажыток расказала, што цяпер каля 91 тысячы беларусаў жывуць у Польшчы паводле часовага віду на жыхарства, а каля 42 тысяч атрымалі трывалы дазвол на пражываньне і працу. Статус уцекача маюць каля тысячы беларусаў, 10,5 тысячы падаліся на міжнародную абарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы занялі другое месца ў нараджальнасьці сярод іншаземцаў у Польшчы

Стварэньне такога сэрвісу ініцыяваў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка ў часе яго сустрэчы ў Канцылярыі прэм’ера Польшчы.

Як адзначаецца ў Telegram-канале Паўла Латушкі, гэты сэрвіс стаў вынікам супольнай паўгадавой працы. Сэрвіс накіраваны на тое, каб прадстаўляць максымальна шырокую інфармацыю па пытаньнях легалізацыі для беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь і знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьне беларускіх палітвязьняў і спыненьне вайны ва Ўкраіне неразрыўна зьвязаныя, — польскі палітоляг Казанэцкі