У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі расказалі, на якім этапе знаходзіцца будаўніцтва трэцяга блёку АЭС у Астраўцы

Беларуская АЭС у Астраўцы

Міністар энэргетыкі Беларусі Дзяніс Мароз паведаміў, што трэці блёк Беларускай АЭС плянуецца пабудаваць да 2035 году, а яго магутнасьць складзе 1200 МВт.

«У цэлым абмяркоўваецца ўзьвядзеньне трэцяга блёку ў выглядзе копій, якія ўсталяваныя на Беларускай АЭС — гэта блёкі магутнасьцю 1200 МВт», — сказаў Дзяніс Мароз.

Паводле яго, беларуская энэргасыстэма будзе падрыхтаваная да інтэграцыі трэцяга блёку ўжо ў 2035 годзе. «У цэлым мы абмяркоўваем пэрыяд уключэньня трэцяга блёку ў беларускую энэргасыстэму ў 2035-2038 гадах», — удакладніў ён.

Міністар энэргетыкі паведаміў, што ўжо адбылося першае пасяджэньне створанай супольна з расейцамі працоўная група па падрыхтоўцы рамкавай дамовы, якая вызначыць умовы і парамэтры блёку.

Апроч таго, паводле яго, супольна з кіраўніцтвам дзяржаўнай карпарацыі Расеі «Расатам» абмяркоўваюцца фінансавыя, тэхналягічныя і арганізацыйныя аспэкты гэтага праекту, а паралельна ідзе работа па вывучэньні пэрспэктыў будаўніцтва ў Магілёўскай вобласьці другой атамнай станцыі.

Дзяніс Мароз дадаў, што будаўніцтва пункта захаваньня радыеактыўных адыходаў таксама будзе адбывацца супольна з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка вызначыў генэральных праектавальніка і падрадніка будаўніцтва сховішча радыяактыўных адкідаў