Сярод удзельнікаў прэс-канфэрэнцыі былыя палітвязьні Уладзь Лабковіч, Аляксей Капліч, Сяргей Рудзянкоў, Уладзіслаў Яцэнка, Валер Папкоў, Максім Сенік, Ганна Курыс, Сяргей Паўлавіцкі.
Перад пачаткам прэсавай канфэрнцыі Сьвятлана Ціханоўская прапанвала ўшанаваць памяць журналіста Мікіты Мелказёрава, які памёр у ноч на 21 сьнежня.
«Беларусь страціла вялікага сына — таленавітага журналіста, чалавека, які рупліва працаваў дзеля Беларусі і пастаянна падымаў тэму палітвязьняў. Гэта вялікая страта для ўсяго беларускага народа. Нам усім будзе вельмі цябе не хапаць, Мікіта», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Трэба працягваць змагацца за вызваленьне іншых
Праваабаронца Ўладзь Лабковіч папрасіў амэрыканскую адміністрацыю працягваць дыпляматычныя высілкі, каб усе беларускія палітвязьні выйшлі на волю. Таксама ён адзначыў украінскі бок, які прыняў беларусаў і забясьпечыў іх усім неабходным у «экстрымальных умовах».
«Мы пастаянна чулі гукі паветранай трывогі. І тое, што яны ў такіх умовах знайшлі сілы нам дапамагчы, гэта неймаверна. Ад прэзыдэнта Зяленскага, вайскоўцаў і мэдыкаў, якія нам дапамагалі».
Лабковіч адзначыў, што самым сумным за тыя дні, што ён на волю, колькасьць палітвязьняў у Беларусі павялічылася. «Гэты працэс павінен скончыцца», — дадаў Лабковіч.
Уладзь Лабковіч адзначыў, што яму сорамна перад тымі палітвязьнямі, якія яшчэ застаюцца за кратамі, калі ён ужо апынуўся ў бясьпецы. Ён дадаў, што ў Літве вырашанае пытаньне з мэдыцынскай дапамогай, а таксама зь юрыдычным статусам. На гэты момант ён перажывае за тое, што ня ведае што падарыць дачцэ на яе дзень нараджэньня.
Былы работнік прадпрыемства «Гродна Азот», якога завуць Максім Сенік, заявіў, што правёў 4 месяцы ў ШЫЗА і год на ПКТ. Шмат часу ён утрымліваўся ў холадзе і жудасных умовах, у тым ліку пры стаўленьні да сябе з боку работнікаў калёніі.
Аляксей Капліч (у цэнтры)
«30 сакавіка мне споўнілася 18 гадоў, а 31-га сакавіка я ўжо быў затрыманы ў Менскім нацыянальным аэрапорце — ехаў бараніць Украіну ў складзе трэцяй штурмавой брыгады» — расказаў Аляксей Капліч.
Таксама ён пацьвердзіў, што ён далёкі сваяк Сьвятланы Ціханоўскай, але ў турме на яго гэта ніяк не ўплывала.
Ганна Курыс і Сяргей Паўлавіцкі
Яшчэ адзін вызвалены палітвязень Сяргей Паўлавіцкі заклікаў працягваць працу, каб і іншыя людзі выйшлі на свабоду. «Я зычу ўсім, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі, каб яны адчулі гэта як мага хутчэй. А дзеля гэтага трэба сказаць: не спыняйцеся! Калі ласачка, каму сёньня дзякуем, не спыняйцеся, рабіце далей тое, што вы робіце, і толькі так пераможам!», — сказаў ён.
Сяргей сказаў, што разлучаны зь сям’ёй — ягоная малая дачка ў Менску.
Ганна Курыс расказала невядомыя праваабаронцам абставіны сваёй справы. Яе судзілі паводле чатырох артыкулаў. Агулам яна атрымала 2 гады турмы.
Аб катаваньнях і адказнасьці за тых, хто яшчэ ў няволі
Максім Сенік адзначыў, што на пачатку сьледзтва КДБ прапаноўваў яму ехаць за мяжу і быць агентам выведкі. Ён адмовіўся. Перад выездам у ІЧУ ён нібыта пагадзіўся на супрацу, каб затым зьнікнуць у Польшчы. Але ён пачуў словы «мы табе ня верым».
Таксама Сенік заявіў, што яго ў адным атрадзе білі, а ў другім палівалі вадою празь ягоны вялікі храп. Ён паскардзіўся на тое, што застудзіў капшук, і праблемы са здароўем працягваюцца.
Максім Сенік
Уладзь Лабковіч дадаў, што здараліся фізычныя катаваньні, а маральныя, псыхалягічныя былі пастаянна. Раней яго папярэджвалі, што адправяць у ШЫЗА, калі ў сеціве будуць згадкі пра ягоную справу.
Ён адзначыў, што быў у розных СІЗА і іншых месцах зьняволеньня, ён з доляю жарту дадаў, што мае такі досьвед, што можа гэтым месцам «выстаўляць адзнакі».
Уладзь Лабковіч папрасіў беларусаў не расчароўвацца, калі турэмнікі і ўлады дагэтуль не прыцягнутыя да адказнасьці. Ён заклікаў дакумэнтаваць усе падзеі, здарэньні, а таксама сьведчыць пра тое іншым людзям.
Уладзь Лабковіч
Ён адзначыў, што ў Жодзінскай турме, дзе ён быў апошнім часам, выкарыстоўваюцца пагрозы артыкулам 411 (злоснае парушэньне парадку адбыцьця пакараньня). Гэта надзвычай простая працэдура — працягнуць палітвязьню тэрмін. І нават ён, нягледзячы на свой вялікі праваабарончы досьвед, толькі за кратамі ўбачыў, якіх агромністых маштабаў набыло выкарыстаньне сілавікамі гэтага артыкулу, што «фактычна ператварае іх зьняволеньне ў пажыцьцёвае».
У самога Лабковіча было каля 30 такіх парушэньняў. «Гэтага цалкам дастаткова, каб дакідаць чалавеку да тэрміну 1,5-2 гады». Яму расказвалі пра выпадкі, што аднаму чалавеку ў апошні тыдзень адбыцьця пакараньня, калі сама турма ўжо пачала афармляць дакумэнты на вызваленьне, яму ўручылі пастанову на новую крымінальную справу і працяг тэрміну.
Максім Сенік пацьвердзіў, што перасьлед паводле гэтага артыкулу можа цягнуцца бясконца.
Дзе працавалі і што выраблялі
Былыя палітвязьні ўспомнілі прамзону. Паводле Сяргея Рудзянкова, заробкі ў людзей зусім розныя. Некаторыя зарабляюць 20 рублёў на месяц, некаторыя 3, а ёсьць і заробак у 1500 рублёў.
Сяргей Паўлавіцкі паводле спэцыялізацыі перакладнік, а ў турме займаўся трыма рознымі прафэсіямі — грузчыка, ачышчальніка дроту і дрэваапрацоўкай. Паўлавіцкі пагадзіўся, што на прамзоне можна пайсьці ў свае думкі і крыху адцягнуцца ад праблемаў.
У Ганны Курыс былі іншыя заняткі на прамзоне. Яна заявіла, што зьняволеных жанчын прымушалі падмятаць і вымачваць калюжыны анучкай. На швачнай прамысловасьці, дзе яна была занятая 2 месяцы, а наступныя 8 месяцаў на лякалах у шыцьці штаноў, Ганна зарабіла каля 100 рублёў.
Максім Сенік адзначыў, што на «кордзе» — працах у ачышчэньні дроту — вязьням выдаюць кепскі рыштунак, пашкоджаныя пласкагубцы, акуляры. Без акуляраў працаваць нельга — правяраюць, але працаваць у іх вельмі складана, нічога ня бачыш.
Таксама вязьняў прымушаюць працаваць на вырабе розных скрыняў для куляў, ракетаў і іншага. Робіцца гэта фармальна на заказ беларускага войска, але шмат хто зь вязьняў ня маюць сумневаў, што насамрэч гэтыя вырабы ідуць на патрэбы расейскіх вайскоўцаў на вайне супраць Украіны.
На пытаньне, ці думалі яны пра тое, чаму менавіта яны апынуліся ў сьпісе 123 чалавек на вызваленьне, Уладзь Лабковіч адзначыў:
«У турме ўсе аналітыкі. Ведаюць, калі скончыцца вайна, могуць расказваць пра эканамічныя паказьнікі, сказаць, хто будзе наступным прэзыдэнтам Гватэмалы. Я сам быў такім аналітыкам. Ніводзін мой прагноз ня спраўдзіўся. Другой маёй эмоцыяй пасьля радасьці за папярэднюю партыю вызваленых, пра якіх пачуў па радыё, была роспач, што я не са сваёй сям’ёй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я разумела, што больш ніхто не пагодзіцца». Як чацьвёра украінцаў цэлую ноч гатавалі ежу ў дарогу для беларускіх палітвязьняўУ час апошняй хвалі вызваленьня 13 сьнежня з турам і калёній выйшлі 123 палітвязьні. Іх адправілі ва Ўкраіну, а Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.
Вызваленьне адбылося пасьля прыезду ў Менск Джона Коўла — спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў справах Беларусі.
У групе вызваленых былі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец і іншыя.
Як і пры мінулых вызваленьнях, арганізаваных пры дапамозе амэрыканскай адміністрацыі, палітычных зьняволеных прымусова вывезьлі з радзімы за мяжу, большасьць — без пашпартоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вызваленьня 123 палітвязьняў дакладчык ААН заявіў, што прыкмет зьмены палітыкі рэпрэсій у Беларусі няма