Ва ўкраінскі палон трапілі два беларусы, якія ваявалі на баку Расеі, яшчэ адзін зьнік бязь вестак

Фота ілюстрацыйнае

Ва ўкраінскі палон трапілі два беларусы — Юры Шарко і Руслан Гудач. Грамадзянства Беларусі пацьвердзілі пакуль толькі ў другога мужчыны. Яны абодва ваявалі на баку Расеі.

Як паведаміў Telegram-канал, у якім разьмяшчаюць інфармацыю аб палонных «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», Шарко Юры Віктаравіч нарадзіўся 29 сьнежня 1987 году і паходзіць з Воранава Лідзкага раёну Горадзенскай вобласьці.

Згодна зь інфармацыяй Свабоды, на вайну ён трапіў з Масквы, куды зьехаў на заробкі — Юры Шарко займаўся малярна-тынкавымі работамі і даваў абвесткі аб сваіх паслугах празь інтэрнэт.

Абставіны, у якіх ён падпісаў кантракт з расейскім войскам, пакуль невядомыя. Ваяваў у складзе 82 мотастралковага полку, які ўваходзіць у склад 69 гвардзейскай Краснасельскай дывізіі 6 агульнавайсковай арміі, што дысьлякуецца ў Ленінградзкай вобласьці. Гэты полк сфарміравалі ў 2024 годзе, а яго падразьдзелы ваявалі ў Харкаўскай вобласьці, дзе ён і трапіў у палон.

У той жа час у групе ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» Свабодзе паведамілі, што сярод грамадзян Беларусі Юрыя Шарко няма. Цалкам імаверна, што ён зьяўляецца ўраджэнцам Беларусі і можа мець расейскі пашпарт.

Гудач Руслан Іванавіч нарадзіўся 19 лістапада 1985 году, паходзіць зь вёскі Ганэлькі Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, меў невялікі бізнэс у Беларусі, але трапіў у поле зроку падатковых органаў.

Гудач расказаў украінскім вайскоўцам, што ў Беларусі яму пагражалі 8 гадамі зьняволеньня, а ў часе расьсьледаваньня крымінальнай справы «сілавыя структуры» нібыта прапанавалі яму «закрыць вочы» на ягоныя злачынствы, калі ён паедзе на «спэцыяльную вайсковую апэрацыю». Праз свайго знаёмага ў Санкт-Пецярбургу Руслан Гудач дамовіўся, што ён будзе служыць у тылавой частцы, але па факце яго падманулі і залічылі ў штурмавы падразьдзел 1427 мотастралковага полку — гэта таксама новая тактычная групоўка, створаная ў Ленінградзкай вайсковай акрузе ў межах мабілізацыі ў 2022 годзе. Гэты падразьдзел ваяваў на харкаўскім і сумскім кірунках Украіны.

У Сумскай вобласьці беларус трапіў у палон. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, уся яго штурмавая група загінула, а ён атрымаў раненьне ў нагу. Гудач сьцьвярджае, што два месяцы хаваўся «па падвалах», пакуль яго не ўзялі ў палон украінцы. Руслана Гудача ўжо ўключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац» як «ваеннага злачынцу і замежнага найміта».

Гудач Руслан Іванавіч. Фота з базы «Кібэрпартызанаў»

Згодна зь інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Гудач мае дзейны да 2030 году беларускі пашпарт. Ён двойчы разьведзены, у адным шлюбе меў дачку. Жыў у Полацку і меў прыватнае прадпрыемства «Твая тэма», якое працавала на рынку рэклямы. Яго зьліквідавалі ў красавіку 2023 году. Апошнія запісы ў працоўнай кніжцы Гудача «Полацксантэхэлектразбыт» (2023 год) і полацкае ТАА «РэкламСіці» (да 1 студзеня 2024). Тройчы выяжджаў за межы Беларусі — у 2014, 2015 і 2018 гадах.


Яшчэ аднаго беларуса — Лінкевіча Дзяніса Фёдаравіча — праз розныя праекты аб палонных шукае ягоная маці Тацяна. Дзяніс Лінкевіч паходзіць з Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Нарадзіўся 1 сакавіка 1999 году, апошні час жыў у Санкт-Пецярбургу і там падпісаў кантракт з расейскай арміяй. Цяпер ён зьнік бязь вестак. Маці сьцьвярджае (гэта яна напісала ў камэнтарах пад публікацыяй аб палонным Юрыі Шарко), што ён пайшоў на вайну «не па сваім жаданьні», але ніякіх іншых дэталяў яна не паведаміла.

Лінкевіч Дзяніс Фёдаравіч. Фота з базы «Кібэрпартызанаў»

Згодна зь інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Дзяніс Лінкевіч вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным прафэсійным ліцэі № 2. Калі яму было 16 гадоў, невялікі час працаваў у камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Імя Ўльянава» (аграгарадок Колкі, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць). Яго дзейнасьць была спыненая ў 2021 годзе ў сувязі з рэарганізацыяй. Апошні пашпарт, які ён меў, быў дзейны да 2021 году. (Базы, якія маюць у сваім распараджэньні «Кібэрпартызаны», утрымліваюць інфармацыю толькі да 2021 году. – РС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод беларусаў, якія ваююць на баку Расеі, ёсьць выпадкі дэзэртырства і ўцёкаў з баявых пазыцыяў

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Цяпер з улікам Юрыя Шарко і Руслана Гудача ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 16 грамадзян Беларусі. Астатнія:

  • Вадзім Зайкоўскі з Гомля, нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.
  • Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
  • Артур Аракелян , нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадку Печышчы.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
  • Віктар Азямблоўскі нарадзіўся 20 ліпеня 1977 у Менску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 15 траўня 2025 году. Мае 25-гадовага сына, з жонкай разышоўся. Суджаны за крадзяжы, нясплату алімэнтаў, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня і за парушэньне правілаў знаходжаньня ў папраўчых установах.
  • Уладзіслаў Карлоўскі нарадзіўся 11 верасьня 2001 году ў Дзяржынску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй ў ліпені 2025 году. Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псыхатропаў у складзе арганізаванай групы.
  • Руслан Купрацэвіч нарадзіўся 31 кастрычніка ў пасёлку Чырвоны Гомельскага раёну. Пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі ў ліпені 2025 году.
  • Павал Пецюлевіч пнарадзіўся 7 чэрвеня 1999 году, паходзіць з Ашмянаў Горадзенскай вобласьці. Ваяваў у складзе 36-га мотастралковага палку Сухапутных войскаў Расеі, створанага ў 2023 годзе адмыслова для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Трапіў у палон пры выкананьні свайго першага баявога заданьня. Зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнка па дапамогу ў вызваленьні з украінскага палону і назваў падпісаньне кантракту з расейскай арміяй «няправільным рашэньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус. У Беларусі яго судзілі за абмежаваньне волі чалавека

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка,
  • Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі журналіст: у расейскі палон трапіў беларус, які ў 2022 годзе пешшу ўцякаў з Украіны ад вайны