«Вялікая колькасьць цэляў парушаюць дзяржмежы, у тым ліку з баявым выкарыстаньнем. Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны зьнішчаюць бесьпілётныя лятальныя апараты», — сказаў Лук’яновіч.
Паводле яго, бесьпілётнікі ляцяць у Беларусь «у асноўным з паўднёвага напрамку» (з Украіны).
У жніўні Андрэй Лук’яновіч заяўляў, што на той момант фіксавалі больш за 800 парушэньняў правілаў выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы, у тым ліку больш за 300 парушэньняў дзяржаўнай мяжы.
Аб’яднаньне BelPol заяўляла, што з пачатку 2025 году толькі на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці зафіксавалі 42 выпадкі выяўленьня БПЛА і іх складнікаў.
У Столінскім раёне фіксавалі 9 такіх інцыдэнтаў, у Пінскім — 6, Іванаўскім — 4, Баранавіцкім, Лунінецкім, Ганцавіцкім, Маларыцкім, Бярозаўскім і Івацэвіцкім — па 3, Пружанскім — 2, Кобрынскім, Драгічынскім і Берасьцейскім — па 1.
Улады рэдка паведамляюць пра ўварваньне бесьпілётнікаў, якія, як правіла, залятаюць у Беларусь падчас паветраных нападаў Расеі на Ўкраіну — гэта адбываецца, калі інфармацыя зьяўляецца ў сацыяльных сетках, незалежных СМІ. Так было, напрыклад, у выпадку з зьнішчэньнем дронаў над Гомелем у верасьні 2024 году і падзеньнем бесьпілётніка ў спальным раёне Менску ў ліпені 2025-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Сёлета на Берасьцейшчыне ўпалі 42 бесьпілётнікі, улады маўчаць