У Вільні каля амбасады Беларусі зноў пашкодзілі мэмарыял памяці загінулых пасьля 2020 году беларусаў

Мэмарыял каля беларускай амбасады ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Гэта ўжо чацьвёртая спроба зьнішчыць мэмарыял.

У Вільні каля амбасады Беларусі невядомыя разьбілі партрэты чатырох загінулых беларусаў.

Як паведаміла выданьне delfi.lt з спасылкай на паліцыю, акт вандалізму, імаверна, адбыўся 21 сьнежня з 14:00 да 18:50.

Апроч таго, нападнік перавярнуў фатаздымкі і разьбіў сьвечкі.

Паліцыя расьсьледуе факт парушэньня грамадзкага парадку.

Раніцай 22 сьнежня мэмарыял ужо аднавілі.

Мэмарыял памяці загінулых каля амбасады Беларусі ў Вільні, 22 сьнежня 2025 году

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні невядомыя разбурылі мэмарыял памяці загінулым беларусам «Вахта сьвятла»
  • Мэмарыял памяці беларусаў у Вільні ў 2020 годзе зьявіўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі падчас пратэстаў былі забітыя Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і іншыя беларусы, што негвалтоўна выступілі супраць улады. Мэмарыял складаецца з фота ўсіх вядомых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, а з пачаткам вайны ва Ўкраіне — і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, ваюючы за Ўкраіну супраць расейскай агрэсіі. Побач з фатаздымкамі стаяць зьнічы, якія штовечар запальваюць. Беларусы прыносяць да мэмарыялу кветкі, прыбіраюць, сочаць за станам партрэтаў.
  • У кастрычніку 2020 году пралукашэнкаўскі і прарасейскі блогер Лаўрынас Рагельскіс спрабаваў зьнішчыць мэмарыял.
  • У жніўні 2023 году невядомыя зноў апаганілі мэмарыял: раскідалі практычна ўсе зьнічы, многія зь іх разьбілі. Неабыякавыя беларусы рэгулярна аднаўляюць мэмарыял.
  • 26 траўня 2024 году мэмарыял зноў апаганілі: перакулілі некаторыя партрэты, разьбілі сьвечкі. Паліцыя тады паведаміла, што мэмарыял апаганіў чалавек зь «неадэкватнымі паводзінамі». Паліцыянты яго затрымалі і даставілі ў аддзяленьне.