Ва Ўкраіне сышоў з рэек грузавы цягнік, ёсьць траўмаваныя

Грузавы цягнік, архіўны здымак

Рух іншых цягнікоў парушаны. Прычыны здарэньня пакуль не вядомыя.

У Жытомірскай вобласьці Ўкраіны адбылося надзвычайнае здарэньне на чыгунцы. Каля Карасьценю з рэек сышоў грузавы цягнік, паведаміла Укрзалізниця.

Заўважыўшы здарэньне з грузавым цягніком, лякаматыўная брыгада пасажырскага цягніка Харкаў-Ужгарад пачала тэрміновае тармажэньне. У выніку з рэек сышоў лякаматыў пасажырскага цягніка.

Адну пасажырку цягніка парэзала шклом, ёй на месцы дапамаглі мэдыкі. Траўмы атрымала брыгада грузавога цягніка — машыніст і ягоны памочнік. Абодва шпіталізаваныя.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на рэйках адбылася дэтанацыя выбуховага прыстасаваньня. Магчыма, гэта наступствы ўдару бесьпілётніка. Ідуць сьледчыя дзеяньні.

Адбыліся зьмены ў пасажырскім руху. Пасьля здарэньня восем цягнікоў перакіравалі праз іншыя, чым Карасьцень, станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла мэтанакіраваны ўдар па чыгуначнай інфраструктуры Ўкраіны. Некалькі рэйсаў скасавалі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пашкоджаныя падстанцыі на дзьвюх АЭС і чыгунка, ёсьць ахвяры. Вынікі новых расейскіх абстрэлаў