Пачаўся збор подпісаў да кампаніі Meta з патрабаваньнем дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads

Лягатып кампаніі Meta

Пэтыцыя ўжо ў першыя гадзіны працы пачала набіраць подпісы.

Карыстальнік Захар Яноўскі зарэгістраваў пэтэцыю на плятформе change.org. На ёй прапануецца падпісаць просьбу да кіраўніцтва кампаніі Meta з мэтай дадаць беларускую мову ў працу дзьвюх сацыяльных сетак, а менавіта Instagram і Threads.

«Насельніцтва Беларусі складае 9 мільёнаў чалавек, якія актыўна карыстаюцца Instagram і Threads, але мы вымушаныя карыстацца расейскай, украінскай альбо ангельскай вэрсіямі службаў Meta з тае прычыны, што нашая родная мова ў іх адсутнічае. Гэта мае некалькі нэгатыўных аспэктаў», — адзначыў аўтар пэтыцыі.

Ён дадаў, што наяўнасьць у сэрвісе нацыянальнай мовы павялічвае ляяльнасьць людзей да прадукту і кампаніі. Нярэдка беларусы аддаюць перавагу менавіта тым сэрвісам і прадуктам, дзе прысутнічае беларуская мова. Такім чынам, беларуская лякалізацыя выгадна і для самой кампаніі Meta, падкрэсьліў аўтар.

Захар Яноўскі адзначыў, што гатовы зарганізаваць для кампаніі Meta як каманду прафэсійных перакладнікаў, так і каманду мовазнаўцаў-валянтэраў для выкананьня перакладу зараз і падтрымцы беларускай вэрсіі службаў у будучыні.

На гэты момант адзін прадукт Meta — Facebook Messenger — мае беларускую мову. Instagram і Threads пакуль ня маюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мова Фарэраў ёсьць, а беларускай няма». Размова з ініцыятаркай пэтыцыі да Amazon


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мабільны апэратар Life правёў рэбрэндынг, у выніку якога з мабільнай аплікацыі зьнікла беларуская мова