У выніку пажару ў Століне шпіталізавалі дзесяць чалавек — сем дзяцей і трое дарослых

Прыёмнае адзьдзяленьне Столінскага шпіталя

Дзесяць чалавек шпіталізавалі ў Століне пасьля пажару, які адбыўся 20 сьнежня ў адным з дамоў на вуліцы Гагарына, вынікае з паведамленьня прэс-службы Міністэрства аховы здароўя.

Паводле інфармацыі ведамства, сярод іх трое дарослых і сем дзяцей (пяць — ва ўзросьце 3-8 гадоў, два — старэйшыя за 15 гадоў).

«Лекары Столінскай ЦРБ правялі дыягнастычныя агляды і прызначылі лячэньне ўсім дзецям і дарослым», — гаворыцца ў паведамленьні.

Апісваючы вядомыя дэталі здарэньня, Міністэрства аховы здароўя спаслалася на мясцовы тэлеграм-канал «Столінскі раён». Па дадзеных гэтай крыніцы, узгараньне адбылося ў кватэры на 3-м паверсе, у кватэрах на 4-м і 5-м паверхах было задымленьне.

Рэсурс адзначыў, што стан людзей, якія паступілі ў бальніцу, «сярэдняга цяжкасьці і здавальняючы», пры гэтым на момант агляду пагрозы жыцьцю не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Нафтане» быў пажар, яго тушылі 17 адзінак тэхнікі