У Літве амаль два тыдні не фіксуюць паветраных балёнаў зь Беларусі

Балён, знойдзены ў Літве ў верасьні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Ігнас Дабраволскас, дарадца прэм’еркі Літвы Інгі Ругінене, заявіў, што апошнімі днямі не фіксуюць ані саміх кантрабандных паветраных балёнаў зь Беларусі, ані іхных сьлядоў на радарах, незалежна ад кірунку ветру.

«Апошнімі днямі, ужо можна сказаць, нават тыднямі, мы не фіксуем балёнаў і іх адбіткаў, незалежна ад кірунку ветру. Аднак гэта ні ў якім разе не нагода расслабіцца. Мы разумеем, што маем справу з аўтарытарнай і цяжка прагназаванай дзяржавай, таму захоўваем пільнасьць, а службы працягваюць інтэнсіўную работу», — працытавала Ігнаса Дабраволскаса агенцтва BNS.

Прадстаўнік прэм’еркі падзякаваў адміністрацыі ЗША і спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу за іхныя намаганьні для ўрэгуляваньня гэтай сытуацыі.

Ігнас Дабраволскас таксама дадаў, што робяцца ўсе намаганьні, каб хутчэй вярнуць фуры літоўскіх перавозьнікаў, якія трымаюць у Беларусі ў якасьці закладнікаў.

«Мы спадзяемся і робім усе намаганьні, каб жыхары краіны маглі сустрэць найвялікшыя сьвяты году ў бясьпецы і вольна ехаць туды, куды хочуць. Для гэтага працуюць нашыя службы, для гэтага мы зьвяртаемся і да згаданых дыпляматычных намаганьняў», — сказаў ён.

Прадстаўнік Узброеных сіл Літвы Гінтаўтас Цюніс дадаў, што армія працягвае дапамагаць паліцыі.

«Мова ідзе аб вайскоўцах Сухаземных войскаў, Вайскова-паветраных сілаў і Вайсковай паліцыі, якія супольна з супрацоўнікамі паліцыі патрулююць і выконваюць іншыя задачы. [...] Групы выкананьня задачаў складаюцца ня толькі з вайскоўцаў, якія знаходзяцца непасрэдна „на зямлі“, але і зь дзяжурных сілаў, гатовых пры патрэбе ўзмацніць падразьдзелы», — паведаміў ён.

«Усе задачы выконваюцца безь перапынку, удзень і ўначы, і, вядома ж, будуць працягвацца, незалежна ад сьвятаў ці іншых абставінаў», — падкрэсьліў прадстаўнік літоўскага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю на ўсёй тэрыторыі краіны праз паветраную небясьпеку зь Беларусі

На мінулым тыдні ўрад Літвы ўвёў рэжым экстрэмальнай сытуацыі праз кантрабандныя балёны, якія запускалі зь Беларусі і стваралі пагрозу для цывільнай авіяцыі.

Праз прылёты балёнаў зь Беларусі некалькі разоў спынялі дзейнасьць аэрапорт Вільні і аднойчы — Коўна.

Літоўскія палітыкі называюць запуск такіх балёнаў гібрыднай атакай Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць палёты паветраных балёнаў у Літву