Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы атрымала паведамленьне зь Беларусі аб заплянаванай гаспадарчай дзейнасьці — будаўніцтве пункту пахаваньня і часовага захоўваньня радыеактыўных адходаў у Беларусі. Арганізатарам будзе Беларуская арганізацыя ў абыходжаньні з радыеактыўнымі адходамі.
Плянаваная эканамічная дзейнасьць уключана ў Дадатак 1 да Канвэнцыі Эўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце.
Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь накіравала паведамленьне адносна ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе плянаванай эканамічнай дзейнасьці і запытвае ў Літвы інфармацыю аб тым, ці мае намер суседняя дзяржава ўдзельнічаць у працэсе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.
Таксама зь Менску запыталі камэнтары і прапановы наконт праграмы ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе плянаванай эканамічнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаткі на захаваньне скарыстанага паліва зь БелАЭС ацанілі ў 2,5-3,5 млрд даляраўМэта плянаванай гаспадарчай дзейнасьці — забесьпячэньне бясьпечнага абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі. Гэтая дзейнасьць прадугледжана ў Стратэгіі абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі Рэспублікі Беларусь. Палігон могуць разьмясьціць у Горадзенскай, Гомельскай або Магілёўскай вобласьці. Прыблізная плошча будучага палігону складае 1 кв. км.
Этап будаўніцтва разьлічаны на 2028–2030 гады; пачатак эксплюатацыі — 2030 год; тэрмін эксплюатацыі — 100 гадоў. Беларусь плянуе прыняць рашэньне аб мэтазгоднасьці палігону ў 2026 годзе.
Міністэрства экалёгіі Літвы заклікала грамадзкасьць і зацікаўленыя ўстановы даслаць свае меркаваньні, камэнтары ці прапановы наконт ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе і неабходнасьці ўдзелу Літвы ў працэдурах трансгранічнай ацэнкі да 6 студзеня 2026 году. Па выніках атрыманых зьвестак міністэрства падасьць афіцыйную пазыцыю Літвы ў гэтым пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў нідзе не існуе», — экспэрт