Алесь Сілкоў
Палітычны і грамадзкі актывіст
3 студзеня ў Магілёве раптоўна пайшоў з жыцьця мясцовы палітычны і грамадзкі актывіст Алесь Сілкоў.
Алесь Сілкоў
Сілкоў у мінулыя гады быў нацыянальным каардынатарам кампаніі электаральнага назіраньня «Права выбару», сябрам рады сёньня фармальна зьліквідаванага руху «За свабоду», пэўны час — яго магілёўскім абласным каардынатарам.
Ён быў кіраўніком і адным з заснавальнікаў магілёўскай ініцыятывы «Грамадзкі магістрат», якая ў гадавіну наданьня гораду магдэбурскага права ўзнагароджвала асобу і ініцыятыву году Магілёва.
Сілкова ня раз затрымлівалі з палітычных прычын.
Памёр, маючы 55 гадоў.
Сьвятлана Яўсеева
Пісьменьніца
Сьвятлана Яўсеева — паэтэса, перакладчыца, празаік. Жонка беларускага пісьменьніка Артура Вольскага і маці музыкі Лявона Вольскага.
Сьвятлана Яўсеева
Нарадзілася 4 верасьня 1932 году ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Скончыла Ташкенцкі пэдагагічны інстытут (1956) і Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага (1962). У 1962 годзе выйшла замуж за беларускага пісьменьніка Артура Вольскага і пераехала ў Менск.
Была сябрам Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1962 году, а таксама сябрам Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і Саюзу пісьменьнікаў Расеі. Пісала па-расейску.
Першая яе кніга «Женщина под яблоней» выйшла ў 1962 годзе. Таксама яна аўтарка зборнікаў лірычных вершаў «Месяц» (1965), «Зову!» (1974), «Евроазия» (1979), «Последнее прощание» (1983), «Ищу человека» (1988).
Перакладала на расейскую мову вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага і іншых.
Віктар Гардзей
Пісьменьнік, літаратурны рэдактар, перакладнік
Нарадзіўся Віктар Гардзей 19 жніўня 1946 году ў вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёну. У маладосьці працаваў у ляхавіцкай і ганцавіцкай раённых газэтах, у 1984 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
Віктар Гардзей
У 1983 годзе пераехаў у Менск, дзе працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосьць», «Полымя», «Вожык». У «Маладосьці» быў намесьнікам галоўнага рэдактара.
Пісаць пачаў у 1983 годзе. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі для дарослых і дзяцей, выдаў таксама кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1995), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996) .
Пераклаў на беларускую мову раманы Гюстава Флябэра «Салямбо» і Робэрта Льюіса Стывэнсана «Чорная страла», аповесьць-казку Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана «Шчаўкунок і мышыны кароль», кнігу казак народаў Эўропы «Хрустальны калодзеж».
З 1979 году быў сябрам Саюзу пісьменьнікаў, ляўрэатам літаратурных прэміяў імя Івана Мележа і «Залаты купідон».
Памёр 23 студзеня, яму было 78 гадоў.
Мікола Лавіцкі
Абаронца беларускай мовы, публіцыст, грамадзкі дзеяч
Мікола Лавіцкі быў актывістам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, прыхільнікам ідэяў беларускай сацыял-дэмакратыі.
Мікола Лавіцкі
Большую частку жыцьця Лавіцкі працаваў на Менскім аўтамабільным заводзе, займаў пасады ў прафсаюзных і грамадзкіх арганізацыях.
Нарадзіўся на Сеньненшчыне ў 1946 годзе, скончыў школу майстроў Менскага аўтазаводу і там жа працаваў кавалём, электрамантэрам, тэрмістам, быў старшынём прафкаму аўтамабільнай вытворчасьці.
Аўтар кніг «Радзімы покліч», «Пульс дарогі» і «Куламеса: вершы».
Памёр 24 студзеня пасьля працяглай хваробы на 79-м годзе жыцьця.
Тацяна Навасельская
Валянтэрка
Тацяна Навасельская была ўнучкай беларускага паэта Сяргея Знаёмага, якога ў 1930-я гады напаткаў тыповы лёс беларускага інтэлігента тых гадоў — рэпрэсіі. Яго арыштавалі, і ён загінуў у ГУЛАГу.
Тацяна Навасельская
Яна доўга зьбірала інфармацыю пра свайго дзеда, наведвала архівы, перачытала шмат успамінаў, зьвязаных зь дзеячамі таго пакаленьня, пераглядала дакумэнты тае эпохі.
А таксама Тацяна Навасельская брала чынны ўдзел у доглядзе за Вайсковымі могілкамі ў Менску. Пры гэтым яна ня ведала, дзе магіла дзеда, а толькі спадзявалася, што нехта будзе глядзець яе так, як яна даглядае чыесьці пахаваньні. На могілках яна аднаўляла многія помнікі і агароджы, перадухіляючы зьнішчэньне магілаў камунальнымі службамі, якое аднойчы актыўна пачалося ў рамках «мадэрнізацыі» Вайсковых могілак.
Акрамя таго, Тацяна Навасельская дапамагала беспрытульным жывёлам.
Аляксандар Анісімаў
Беларускі кінарэжысэр
Аляксандар Анісімаў у 1994 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, майстэрню кінарэжысэра Віктара Турава. Здымаць кіно як рэжысэр пачаў у 1992 годзе, першая работа – кароткамэтражны фільм «Кот».
Аляксандар Анісімаў
Найбольш значныя мастацкія фільмы – «Неймавернае перамяшчэньне» (2014), «Сьляды на вадзе» (2016), «Трымайся за аблокі» (2018), «Авантуры Пранціша Вырвіча» (2019).
Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Званар», «Ня спыніцца гадзіньнік», «Мэтафара» і іншых. Зьняўся ў некалькіх ролях.
Адна з апошніх работ – фільм 2023 году «Вяртаньне», аўтарскае апавяданьне пра пошукі месцаў гібелі самалётаў Чырвонай арміі ў першыя тыдні нямецка-савецкай вайны і вызначэньне прозьвішчаў чальцоў экіпажу.
Памёр 27 студзеня на 62-м годзе жыцьця.
Ларан Арыніч
Прамысловец, уцякач
26 студзеня ў Польшчы пасьля апэрацыі з прычыны анкалягічнай хваробы памёр былы генэральны дырэктар «Пінскдрэву» Ларан Арыніч.
Ларан Арыніч
«Яго апошняе жаданьне было вярнуцца дадому апраўданым», — расказаў суразмоўца.
Ларан Арыніч нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям’і ссыльных сялян. Толькі ў 1950 годзе сямʼя атрымала дазвол вярнуцца ў Беларусь. Яшчэ ў савецкія гады Арыніч узначаліў «Пінскдрэў», а потым стаў адным з ключавых акцыянэраў прадпрыемства.
25 кастрычніка 2010 году на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся выбух, які забраў жыцьці 14 чалавек. Арыніч стаў адным з чатырох абвінавачаных, і сямʼя вырашыла, што яму больш бясьпечна будзе зьехаць з краіны. У Польшчы ён жыў за кошт сваякоў і сацыяльнай дапамогі: акцыяў прадпрыемстваў ён пазбавіўся.
Арыніч не прызнаў віны і 14 гадоў спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць. Ягонай апошняй спробай зрабіць гэта быў ліст у прэзыдыюм Усебеларускага народнага сходу. Паводле Арыніча, ён прапанаваў чатыром былым супрацоўнікам, якія ўжо на пэнсіі, сабраць подпісы пад гэтым лістом, але ўсе адмовіліся.
У ліпені 2024 году Ларан Арыніч даў вялікае інтэрвію выданьню MOST, у якім падрабязна выклаў сваю вэрсію трагедыі на заводзе і расказаў, што хоча вярнуцца ў Беларусь пасьля заканчэньня тэрміну даўнасьці. У ягоным выпадку гэта 15 гадоў — вяртаньне магло быць ўжо ў 2025 годзе.
Памёр на 89-м годзе жыцьця.
Іосіф Навумчык
Палітычны і грамадзкі дзеяч, актывіст ТБМ
Настаўнік паводле адукацыі, Іосіф Навумчык да сярэдзіны 1980-х зрабіў пасьпяховую кар’еру ў кіроўнай Камуністычнай партыі Беларусі: на пасадзе сакратара Віцебскага абкаму КПБ быў куратарам ідэалёгіі і сацыяльнай сфэры.
Іосіф Навумчык
Два гады быў дарадцам ЦК КПСС у Кабуле. На гэтай тэрыторыі падчас вайны працавалі і іншыя службоўцы, камандзіраваныя зь Беларусі. Іосіф Навумчык пра свой афганскі досьвед напісаў кнігу «Афганістан у маім жыцьці. Успаміны дарадцы ЦК КПСС у Кабуле».
Іосіф Навумчык дапамагаў пастаноўцы ў 1970-я на сцэне коласаўскага тэатру п’есаў Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі».
Сын Іосіфа Навумчыка, вядомы журналіст Сяргей Навумчык зазначыў, што ягоны бацька быў адным з тых, хто паўплываў на рашэньне вывесьці савецкія войскі з Афганістану.
«У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга — выратаваньне тысячаў жыцьцяў, бо ў якасьці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэньне Гарбачова і Палітбюро вывесьці войскі з Афганістану.
Іосіф Навумчык быў сузаснавальнікам (у 1989-м) ТБМ імя Скарыны, уваходзіў у яго кіраўніцтва, а пасьля выхаду на пэнсію чвэрць стагодзьдзя ўзначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ, стварыў разгалінаваную сетку яго рэгіянальных арганізацыяў.
Іосіф Навумчык памёр 4 лютага на 87-м годзе жыцьця.
Ніна Маргаева
Мастачка
У Варшаве на 41-м годзе жыцьця памерла мастачка Ніна Маргаева. Яна хварэла на бакавы аміятрафічны склероз (БАС).
Ніна Маргаева
У Ніны застаўся 13-гадовы сын.
Ніна Маргаева нарадзілася ў 1984 годзе. У 2007-м скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыяльнасьці «народныя рамёствы» (спэцыялізацыя — кераміка).
З 1997 году, яшчэ падлеткам, Ніна пачала актыўна ўдзельнічаць у мастацкіх выставах і пленэрах.
У Менску Ніна заснавала дзіцячую мастацкую студыю PLOT. Потым арандавала майстэрню і цягам 7 гадоў працавала зь дзецьмі і дарослымі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ніна Маргаева падпісала «Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў».
На мастачку пачаўся ціск, і ў чэрвені 2022 году Ніна была вымушаная зьехаць зь Беларусі з сынам Міронам.
Сяргей Кныш
Музыка, скульптар, удзельнік «Беларускай Майстроўні»
Пра сьмерць Сяргея «Баршча» Кныша, сузаснавальніка гурту «Бонда», паведамілі яго сябры ў фэйсбуку.
Сяргей Кныш
Сяргей Кныш быў бубначом і аўтарам тэкстаў у беларускамоўным рок-гурце «Бонда», які існаваў з 1980 па 1989 год, потым выступаў з рок-гуртом ULIS. Ён аўтар тэкстаў знакавых у гісторыі беларускага рок-н-ролу песень «Стэфка», «Слуцкая брама», «Радыяактыўны блюз». Пасьля распаду «Бонды» кампазыцыі «Стэфка» і «Слуцкая брама» ўвайшлі ў рэпэртуар «Крамы».
Мянушка «Боршч» у Сяргея Кныша зьявілася з студэнцкіх часоў, бо ён вельмі любіў гэтую страву, калі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Быў удзельнікам першага незалежнага беларускага моладзевага згуртаваньня «Беларуская майстроўня». Скульптуры Сяргей вучыўся ў вядомага беларускага скульптара Анатоля Анікейчыка.
Памёр 27 сакавіка, яму ішоў 62-і год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», часопіс «Бурачок» і марш у Курапаты. Нацыянальны рух у Беларусі напярэдадні распаду СССРМіхаіл Піліпенка
Беларускі этноляг, гісторык, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Міхаіл Піліпенка нарадзіўся 19 траўня 1936 году ў вёсцы Нежыхаў Брагінскага раёну ў сялянскай сямʼі.
Міхаіл Піліпенка
Вучыўся ў Мазырскай пэдагагічнай вучэльні, у 1956 годзе паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1964–1967 гадах вучыўся ў асьпірантуры, пасьля заканчэньня шмат гадоў працаваў на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
З 1991 году працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў загадчыкам аддзелу этналёгіі, потым дырэктарам Інстытуту. У 1993 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю, у 1994-м стаў членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.
Дасьледаваў праблемы этнагенэзу і этнічнай гісторыі беларускага народу, пытаньні гісторыі беларускай этналёгіі і фальклярыстыкі, сямейных адносінаў, вясельных звычаяў і абрадаў беларускага сялянства, народных рэлігійных вераваньняў.
Аўтар манаграфіяў «Этнаграфія Беларусі» (1980) і «Ўзьнікненьне Беларусі: новая канцэпцыя» (1991), сааўтар калектыўных работ «Гістарычнае краязнаўства Беларусі», «Народная пэдагогіка беларусаў», «Беларусы», «Беларусь на мяжы тысячагодзьдзяў» і іншых. Аўтар больш як сотні навуковых артыкулаў.
Памёр 6 красавіка на 89-м годзе жыцьця.
Віктар Адзіночанка
Філёзаф, грамадзкі дзяяч, праваабаронца
Кандыдат філязофскіх навук Віктар Адзіночанка родам з Рэчыцы, выкладаў у Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Скарыны, быў дацэнтам катэдры філязофіі. Працаваў над абаронай доктарскай дысэртацыі, аднак, паводле зьвестак калегаў, сустрэў перашкоды з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі ГДУ.
Віктар Адзіночанка
Аўтар многіх навуковых артыкулаў. Выдаў першы вучэбны дапаможнік у рэлігіязнаўстве для студэнтаў па-беларуску. У жыцьці і на працы пасьлядоўна размаўляў па-беларуску, даючы землякам прыклад.
Адзіночанка таксама займаўся праваабарончай дзейнасьцю, незалежным назіраньнем за выбарамі, удзельнічаў у кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня.
Памёр 15 траўня ў шпіталі ад анкалягічнага захворваньня, яму было 62 гады.
Валянцін Штэрмер
Палітвязень, прадпрымальнік
Валянцін Штэрмер — гомельскі прадпрымальнік, якога асудзілі на пяць гадоў калёніі за восем камэнтароў супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Паводле праваабаронцаў «Вясны», Штэрмер памёр у шклоўскай калёніі № 17.
Валянцін Штэрмер
«Абставіны трагедыі незразумелыя. Дакладна невядомая і дата сьмерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 году», — паведамілі праваабаронцы.
Паводле былога палітвязьня Дзьмітрыя Лукшы, які быў у адным атрадзе з Штэрмерам, у калёнію мужчына прыехаў пасьля інсульту, пры гэтым яго кінулі ў ШЫЗА. Штэрмер вельмі запаволена размаўляў і хадзіў зь цяжкасьцю, зімой пасьлізнуўся і ўпаў, у яго быў ці то пералом рукі, ці то вывіх, расказаў Лукша.
Пра сьмерць палітвязьня стала вядома 20 траўня.
Сяргей Міцкевіч
Спартовец, унук Якуба Коласа і Янкі Маўра
Нашчадак двух выбітных беларускіх пісьменьнікаў Сяргей Міцкевіч пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 78 гадоў, пра што стала вядома 22 траўня.
Янка Маўр, Якуб Колас і іхны ўнук Сяргей Міцкевіч
Сяргей Міхайлавіч Міцкевіч займаўся грэка-рымскім дужаньнем, меў першы разрад. Маці Сяргея Міцкевіча Натальля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сяргей быў старэйшым у сям’і з трыма дзецьмі. Яго сястра — Марыя, брат — Кастусь.
Сяргей Міцкевіч браў удзел ва ўшанаваньні памяці Якуба Коласа. Напрыклад, перадаў Коласаўскаму музэю ў Менску зборнік апавяданьняў «Раніца жыцьця», які ў 1951 годзе падарыў яму дзед.
Янка Маўр і Якуб Колас пазнаёміліся ў 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне на нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, за што потым іх перасьледавалі расейскія ўлады.
Валер Богдан
Былы палітвязень
Валер Богдан жыў у Берасьці, вызначыўся грамадзянскай пазыцыяй, быў асуджаны і адбыў тэрмін у вязьніцы цалкам.
Валер Богдан
«Памёр ад трамбозу 58-гадовы экс-палітвязень Валер Богдан. Тры гады калёніі за камэнтары ў інтэрнэце ён адседзеў цалкам. На волі Валер пражыў дзевяць месяцаў», — паведаміў 28 траўня ў сацыяльных сетках актывіст Андрэй Стрыжак.
Яго затрымалі 18 траўня 2021 году, 17 верасьня таго ж году асудзілі на тры гады зьняволеньня за публікацыі ў сацыяльных сетках. Богдана абвінавацілі ў «паклёпе на Лукашэнку» і «абразе Лукашэнкі», а таксама ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці або звады».
Паводле былых вязьняў, Валер Богдан памёр у пачатку году праз тое, што ў яго адарваўся тромб.
Аляксандар Класкоўскі (малодшы)
Былы палітвязень, былы міліцыянт
Аляксандр Класкоўскі нарадзіўся 26 верасьня 1978 году ў сям’і беларускіх журналістаў Аляксандра і Людмілы Класкоўскіх.
Аляксандар Класкоўскі (малодшы) на пляцы Незалежнасьці ў Менску падчас пратэстаў 19 сьнежня 2010 году. На фота ён зьлева.
У 1999 годзе паступіў на службу ў ДАІ Ленінскага раёну Менску, быў інспэктарам дарожна-патрульнай службы. У 2005 годзе вымушана пакінуў службу ў званьні лейтэнанта міліцыі.
19 сьнежня 2010 году, апрануўшыся ў міліцэйскую форму, браў удзел у акцыі пратэсту ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Аляксандра затрымалі ў ноч на 21 сьнежня, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.
26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раёну Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.
Памёр за мяжой на 47-м годзе жыцьця.
Валер Рыбараў
Кінарэжысэр, сцэнарыст, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі
Пра сьмерць кінарэжысэра, сцэнарыста Валера Рыбарава паведаміў старшыня Беларускага саюзу кінэматаграфістаў Яўген Арандарэвіч.
Валеры Рыбараў
«Гэта вялізная страта як для беларускага, так і для ўсяго постсавецкага кінэматографу, бо гэта быў легендарны чалавек і выдатны кінарэжысэр», — выказаўся пра Рыбарава старшыня творчага саюзу.
Валер Рыбараў — аўтар шэрагу вядомых фільмаў і сцэнароў. Сярод творчай спадчыны Рыбарава для беларускай культуры асабліва значны фільм «Чужая Бацькаўшчына», зьняты па-беларуску паводле раманаў Вячаслава Адамчыка.
Зьняты ў 1988 годзе фільм «Мяне завуць Арлекіна» стаў самым касавым беларускім фільмам за ўсю гісторыю кіно. За год паказаў стужку паглядзелі 41,9 мільёна чалавек.
Памёр Валер Рыбараў 25 чэрвеня ў Менску пасьля працяглай хваробы, не дажыў некалькіх гадзін да свайго дня нараджэньня.
Радзім Гарэцкі
Акадэмік НАН Беларусі, грамадзкі дзяяч
Акадэмік Радзім Гарэцкі нарадзіўся 7 сьнежня 1928 году ў Менску. Ён сын аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Гарэцкага, пляменьнік клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расстралянага бальшавікамі.
Радзім Гарэцкі
Бацьку Радзіма Гарэцкага камуністы двойчы асуджалі на сьмерць, але ўрэшце замянілі прысуд на лягеры і ссылкі. Дзяцінства і юнацтва будучага акадэміка прайшло ў высылцы на расейскай Поўначы: у Туломе Мурманскай вобласьці, Мядзьвеж’егорску (Karhumägi) у Карэліі.
Радзім Гарэцкі скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут, там жа абараніў доктарскую дысэртацыю, пасьля працаваў у Геалягічным інстытуце Акадэміі навук СССР.
Толькі ў 1969 годзе Радзім Гарэцкі зь сям’ёй вярнуўся ў Менск. Усё жыцьцё займаўся навуковай дзейнасьцю, быў дырэктарам Інстытуту геахіміі і геафізыкі, віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук.
Поруч з навукай актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. З 1993 па 2001 гады ўзначальваў Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
«Радзім Гаўрылавіч мог пазіраць на ўсё, што адбывалася ў пачатку 1990-х, з алімпійскім спакоем, і яму ні слова папроку ніхто б не сказаў. Але ён далучыўся да нацыянальнага Адраджэньня, і ня ў ролі „вясельнага генэрала“ — працаваў у Згуртаваньні беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“, быў даверанай асобай Зянона Пазьняка на выбарах у 1994-м, дапамагаў ствараць эканамічныя і іншыя праграмы БНФ, рыхтаваў Усебеларускі зьезд за незалежнасьць у 2000-м. Ён быў, як гэта называла старое пакаленьне эмігрантаў, „моцны беларус“. На такіх асобах, як Гарэцкі, і трымаецца нацыя», — згадваў былы дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык пра акадэміка Радзіма Гарэцкага.
Памёр на 97-м годзе жыцьця 22 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апошні з магіканаў». Якім быў Радзім ГарэцкіСямён Букчын
Публіцыст, пісьменьнік
Сямён Букчын — вядомы публіцыст, пісьменьнік і дасьледнік літаратуры, аўтар многіх кніг пра расейскіх аўтараў Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, іх сувязі зь Беларусьсю.
Сямён Букчын
У 2021 годзе выйшла ягоная кніга «Одушевить пережитое в слове», дзе можна прачытаць, якімі бачылі беларусаў і Беларусь Іван Бунін, Мікалай Ляскоў, пра адносіны паміж Максімам Горкім і Адамам Багдановічам. Гэтыя нарысы не ўвайшлі ў вялікі том «Народ издревле нам родной...», які выходзіў у выдавецтве «Лімарыюс» колькі гадоў таму, і кніга «Одушевить пережитое в слове» можа разглядацца як своеасаблівы працяг тэмы вядомага літаратуразнаўцы.
Сямён Букчын шмат гадоў плённа супрацоўнічаў з шэрагам незалежных выданьняў Беларусі, у тым ліку з газэтай «Народная воля».
Памёр 20 чэрвеня на 84-м годзе жыцьця ў шпіталі ў Менску.
Сяргей Атрошчанка
Бізнэсовец, заснавальнік і ўласьнік мэдыя
Сяргей Атрошчанка нарадзіўся ў 1970 годзе, калі яму быў 21 год, зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і пачаў бізнэс з вырабу трусіных скурак, пашыву футраных шапак і гандлю імі і футрамі на Старажоўскім рынку ў Менску.
Сяргей Атрошчанка
У 1996 годзе прадпрымальнік запусьціў вытворчасьць бялізны пад брэндам Serge. Кампанія хутка разьвівалася: пачаўшы з 15 швальных машынак і такой самай колькасьці швачак, вырасла да штату ў 700 чалавек. У фірмы зьявіліся крамы па ўсёй Беларусі, потым у постсавецкіх і нават у асобных краінах Эўрапейскага Зьвязу.
Атрошчанка быў адным з заснавальнікаў газэты «Свободные новости», пазьней заснаваў выданьне «Обозреватель».
Памёр 19 чэрвеня ад анкалягічнай хваробы.
Андрэй Бардухаеў-Арол
Актор, тэатральны рэжысэр
Андрэй Бардухаеў-Арол памёр ад наступстваў анкалягічнага захворваньня ў Польшчы, дзе гомелец жыў апошнія гады. У Андрэя засталіся жонка і чацьвёра дзяцей. Аб тым, што ў яго цяжкая хвароба, стала вядома ў сьнежні 2024 году.
Андрэй Бардухаеў-Арол разам з жонкай Алесяй. Архіўнае фота.
Андрэй Бардухаеў-Арол нарадзіўся ў Гомлі. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у Менску. Працаваў акторам і рэжысэрам у Менскім абласным драматычным тэатры, у Гомельскім моладзевым і Гомельскім абласным драматычным тэатрах.
У 2016 годзе Андрэй пайшоў з моладзевага тэатру пасьля канфлікту з начальнікам аддзелу ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму Віталём Атаманчуком — на знак падтрымкі дырэктара тэатру Зоі Гарынай. Разам з жонкай Алесяй і некалькімі акторамі ён пакінуў тэатар і заснаваў незалежную тэатральную студыю Team Theatre.
У 2019 годзе заснаваў дабрачынны фонд «Разам тут», дзе людзі з асаблівымі патрэбамі ўдзельнічалі ў спэктаклях і дапамагалі ў валянтэрскіх праектах. Таксама працаваў у народным тэатры «Інклюзіён» і ў Цэнтры інклюзіўнай культуры ў Гомлі. Разам з жонкай праводзіў заняткі для дзяцей з аўтызмам і іншымі асаблівасьцямі разьвіцьця.
У 2020 годзе Андрэй падтрымаў пратэсты ў Беларусі, а ў 2021 годзе праз пагрозу крымінальнага перасьледу яму давялося пакінуць краіну. Тэатральную дзейнасьць аднавіў у Варшаве.
Апошняй роляй Андрэя быў Пісьменьнік у спэктаклі «Ордэн Белай Мышы» паводле твору Ўладзімера Арлова.
Памёр 5 ліпеня на 50-м годзе жыцьця ў Польшчы.
Эдвард Зайкоўскі
Археоляг, удзельнік «Беларускай Майстроўні»
Эдвард Зайкоўскі нарадзіўся 18 лістапада 1952 году ў вёсцы Дубашы Валожынскага раёну Менскай вобласьці.
Эдвард Зайкоўскі
У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з 1980 году працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзельнічаў у незалежным моладзевым нацыянальна-культурным згуртаваньні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984).
Кандыдат гістарычных навук (1985). Дасьледаваў помнікі нэаліту і бронзавага веку, паганскія вераваньні, першабытнае мастацтва на тэрыторыі Беларусі, а таксама старажытную кулінарыю.
Памёр 22 ліпеня ва ўзросьце 72 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаўнік для дабра ўсяго беларускага». Успаміны пра Вячку СтанкевічаВячка Станкевіч
Беларускі актывіст, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода
Вячка Станкевіч быў адным з найстарэйшых і вядомых актывістаў беларускай дыяспары ў Амэрыцы. Пра ягоную сьмерць у ліпені паведаміла Рада БНР.
Вячка Станкевіч
Вячка Станкевіч нарадзіўся ў 1932 годзе ў Вільні, у сям’і выбітнага беларускага мовазнаўцы Яна Станкевіча. Выехаў зь Беларусі разам з бацькамі ў час II Усясьветнай вайны. З 1949 году — у ЗША. Атрымаў ступень магістра ў спэцыяльнасьці «электрамэханіка». Працаваў інжынэрам у карпарацыях ITT і Western Union.
З 1990 па 1998 год Вячка Станкевіч быў дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода. Менавіта пры ім у Менску зьявілася бюро Радыё Свабода, а ў службе — першыя пасьля сканчэньня халоднай вайны журналісты зь Беларусі.
Быў сябрам Рады БНР і пэўны час намесьнікам старшыні Рады, уваходзіў у склад кіраўніцтва Беларускай фундацыі Крачэўскага (Нью-Ёрк). Таксама ўзначальваў Галоўную ўправу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Памёр у ЗША на 93-м годзе жыцьця.
Джон Мішук
Хакеіст, першы ўраджэнец Беларусі ў NHL
Пра сьмерць былога гульца паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) Джона (Яна) Мішука паведаміў сайт Detroit Hockey Now.
Джон Мішук
Мішук нарадзіўся 29 верасьня 1940 году ў Налібаках на Стаўпеччыне. У часе нямецкай акупацыі ў 1943 годзе хлопчыка зь сям’ёй прымусова вывезьлі ў Нямеччыну.
Пасьля вайны сем’і зь нямецкіх лягераў пераяжджалі ў Канаду. Такая была гісторыя і ў Янавай сям’і. Спачатку ў 1950 годзе ў Канаду пераехаў яго бацька, які знайшоў там працу на грыбной фэрме. Пасьля ён вярнуўся па астатнюю сям’ю і перавёз усіх у Гэмілтан (Антарыё). Па вайне ў Гэмілтан пераехалі і шмат іхных знаёмых з Налібак.
Джон Мішук пачаў захапіўся хакеем у 10 гадоў. У НХЛ ён правёў 237 матчаў як абаронца ў складзе «Дэтройту», «Чыкага», «Філядэльфіі» і «Мінэсоты».
Памёр 27 ліпеня, маючы 84 гады.
Віктар Вабішчэвіч
Паэт, краязнаўца, настаўнік
Паэт Віктар Вабішчэвіч нарадзіўся 9 ліпеня 1960 году ў вёсцы Рубель Столінскага раёну, жыў і працаваў у Давыд-Гарадку.
Віктар Вабішчэвіч
Скончыў гістарычны факультэт БДУ з чырвоным дыплёмам, настаўнічаў у школе на Палесьсі. Першыя вершы выйшлі ў сьвет у 1977 годзе, далей Віктар актыўна друкаваўся ў газэтах і часопісах, удзельнічаў у калектыўных зборніках. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Аўтар кніг «Чорны боль» (2003), «Кахаю і люблю» (2006), «Уражаньне» (2009), «ORBI» (2012). Вядомы таксама як дасьледнік культуры і краязнаўца.
На хвалях Радыё Свабода гучалі вершы Віктара Вабішчэвіча, у тым ліку радкі:
«Нараджаюцца паволі песьні ранку —
Дыямэнты зіхатлівыя сьвітанку.
Усьміхаюцца і кветкі, і палі —
Сьвята ліпеня, праменьняў і зямлі».
Памёр 18 жніўня 2025 году на 66-м годзе жыцьця.
Яраслаў Еўдакімаў
Сьпявак, народны артыст Беларусі
Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў расейскі Нарыльск.
Яраслаў Еўдакімаў
Дзяцінства правёў у дзеда ў вёсцы Корысьць у Ровенскай вобласьці. Музычную карʼеру пачаў у Днепрапятроўску, сьпяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там пазнаёміўся з другой жонкай, якая была беларускай. Адтуль пачалася сувязь артыста зь Беларусьсю. Пасьля шлюбу пара пераехала ў Менск.
У 1987 годзе Яраслаў Еўдакімаў стаў народным артыстам БССР. Пазьней ён ня раз выказваўся супраць Лукашэнкі. На выбарах 2001 году ў Беларусі Яраслаў Еўдакімаў падтрымаў апазыцыйных кандыдатаў, пасьля чаго яму давялося зьехаць у Расею.
У 2023 годзе ў некалькіх гарадах Расеі скасавалі ягоныя канцэрты. Перад гэтым сьпявак выказаўся супраць вайны і ўсклаў адказнасьць за яе на Ўладзіміра Пуціна і «крамлёўскую гоп-кампанію». Апошнім часам Еўдакімаў лячыўся ад анкалягічнага захворваньня.
Памёр 22 жніўня на 79-м годзе жыцьця.
Алег Тумашоў
Сьпявак, былы вакаліст гурту Ulis
Алег Тумашоў быў вакалістам гурту Ulis з 1991 па 1994 гады. Ягоны голас гучыць у культавым альбоме «Танцы на даху» (1993), запісаным у польскім Ольштыне. Тады ў складзе гурту былі таксама Слава Корань (гітара), Сяргей Краўчанка (бас-гітара) і Сяргей Кныш (бубны).
Алег Тумашоў крайні зьлева
Перад Ulis вакаліст супрацоўнічаў з гуртамі «Фарпост» і «Квінта».
Памёр Алег Тумашоў у Менску 7 жніўня.
Андрэй Паднябенны
Палітычны вязень
Андрэй Паднябенны меў грамадзянства Расеі, жыў у Гомлі. На выбарах 2020 году Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. У адной зь іх удзельнічаў, едучы на машыне. За гэта яго аштрафавалі і пазбавілі правоў.
Андрэй Паднябенны
Паднябеннага затрымалі ў лістападзе 2021 году і асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым у нібыта падпале машыны начальніка ўправы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. У студзені 2023 году Андрэя судзілі паўторна і дадалі яшчэ год і восем месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «абразе Лукашэнкі», «абразе службовай асобы», «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці».
Аб тым, што палітзьняволены Андрэй Паднябенны загінуў за кратамі, паведаміла яго маці Валянціна. Яна казала, што мёртвае цела яе сына знайшлі павешаным у ШЫЗА магілёўскай калёніі № 15, дзе той адбываў прызначаны яму больш чым 16-гадовы тэрмін. На момант паведамленьня Андрэя Паднябеннага ўжо пахавалі. Паводле афіцыйнай праверкі, палітвязень скончыў жыцьцё самагубствам.
Пайшоў з жыцьця 3 верасьня.
Арон Бельскі
Партызан габрэйскага атраду ў Налібацкай пушчы
Арон Бельскі быў адным з чатырох братоў, якія ў часы ІІ Усясьветнай вайны заснавалі ў Налібацкай пушчы найбуйнейшы габрэйскі партызанскі рух у Эўропе — свой атрад, які яшчэ называлі «Лясным Ерусалімам». Пра гэта паведаміла старонка The Legacy of the Belsky Brothers.
Арон Бельскі
Ад Галакосту ў атрадзе ўратаваліся больш як тысяча чалавек. Туды бралі ня толькі ўзброеных людзей, а ўсіх, каго маглі ўратаваць.
«Цалкам адданы памяці сваіх братоў і бацькоў, ён ніколі не казаў пра сябе як пра героя, для яго героямі былі ягоныя браты. Ён таксама быў абавязаны ім сваім жыцьцём, як і тысячы іншых габрэяў. Нягледзячы на ўсе свае недахопы, ён жыў з Богам у сэрцы і лічыў любоў сапраўднай каштоўнасьцю жыцьця. Спадчынная трываласьць, любоў і ўдзячнасьць Арона дазволілі яму пражыць доўгае жыцьцё і несьці спадчыну братоў Бельскіх. Быць Бельскім было для яго вялікім гонарам. Няхай яго душа спачывае зь мірам!» — напісала Тамара Вяршыцкая, дасьледніца, якая стварала ў Наваградку Музэй габрэйскага супраціву.
Браты пасьля вайны адправіліся ў Польшчу, а адтуль у Ізраіль. Затым жылі ў ЗША. Пра братоў здымалі фільмы і пісалі кнігі, а ў Савецкім Саюзе іхную дзейнасьць замоўчвалі.
Арон Бельскі пражыў больш за 99 гадоў.
Алесь Палынскі
Журналіст і пісьменьнік
Пра сьмерць пісьменьніка Алеся Палынскага стала вядома з допісу ў сацыяльнай сетцы Х ягонага сына Ігара Палынскага, які жыве па-за межамі Беларусі.
Алесь Палынскі
«У суботу я граў канцэрт, сьпяваў песьні на ягоныя вершы, расказваў прыкалюхі розныя пра яго. У суботу ён памёр. Ён у Полацку, яго жонка ў турме. Яго нават няма каму пахаваць», — напісаў Ігар Палынскі, які жыве па-за межамі Беларусі.
Алесь Палынскі нарадзіўся 14 верасьня 1967 году. Скончыў журфак БДУ, жыў у Полацку. Друкаваўся, сярод іншага, на сайце Радыё Свабода, у «Нашай Ніве».
Памёр 11 кастрычніка на 59-м годзе жыцьця.
Мая Яніцкая
Мастацтвазнаўца, сябра Саюзу мастакоў
Мая Яніцкая дасьледавала беларускае шкло, слуцкія паясы. Бараніла старажытную Нямігу.
Мая Яніцкая
Нарадзілася 22 траўня 1931 году ў фальварку Валянцінава на Лагойшчыне. Скончыла Ўсесаюзны інстытут савецкага гандлю ў спэцыяльнасьці эканоміка (1950–1955) і асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1966–1970). Кандыдат мастацтвазнаўства (1974).
Была сярод стваральнікаў Музэю старажытнабеларускай культуры, аб’ехала ў экспэдыцыйных вандроўках усю Беларусь, ратуючы ад зьнішчэньня ўнікальныя скарбы старажытнабеларускага мастацтва.
З 1975 году яна сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Сябра мастацкай суполкі «Пагоня» зь першых дзён стварэньня гэтага творчага аб’яднаньня, укладальніца каталёгаў выставаў суполкі «Пагоня» (1996, 2000). Мастацкую суполку зьліквідавалі ў 2023 годзе.
Яніцкая выдала шэраг манаграфіяў: «Беларускае мастацкае шкло XVI—XVIIІ стст.» (1977); «Вытокі шкларобства Беларусі» (1977); «Беларускае мастацкае шкло. ХІХ — пачатак ХХ ст.» (1984), «Гісторыя шкляной вясёлкі» (1986); «Художественное стекло Советской Белоруссии», «Фёдар Зільберт» (1981), «Людміла Мягкова» (1984).
Яна ўкладальніца і аўтарка тэксту альбому «Слуцкія паясы. В градѣ Слуцкѣ» (Менск, 2006), прысьвечанага славутым слуцкім паясам.
У 1970–80-я гады Мая Яніцкая змагалася супраць зьнішчэньня старажытнай Нямігі — гістарычнай часткі беларускай сталіцы.
Памерла 15 кастрычніка, ёй было 94 гады.
Вячаслаў Рагойша
Літаратуразнаўца, пісьменьнік, доктар філялягічных навук
Вячаслаў Рагойша нарадзіўся 5 чэрвеня 1942 году ў Ракаве. У 1963 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура». Кіраваў катэдрай тэорыі літаратуры БДУ.
Вячаслаў Рагойша
Быў старшынём Міжнароднага фонду Янкі Купалы (1996–2016), арганізатарам міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Ракаўскія чытаньні» (з 1996 году).
Аўтар больш як 2000 навуковых публікацыяў і дасьледаваньняў у гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, беларуска-іншаславянскіх літаратурных узаемасувязяў, вершазнаўстве, праблемах тэорыі і практыкі мастацкага перакладу, паэтыцы літаратурнага твору, зь якіх амаль 300 — асноватворныя навуковыя працы, у тым ліку 16 манаграфіяў.
Першым дасканала дасьледаваў рукапісы Янкі Купалы і знайшоў дзясятак невядомых твораў беларускага клясыка.
Памёр 7 лістапада на 84-м годзе жыцьця.
Генадзь Пашкоў
Паэт, сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі
1 сьнежня стала вядома, што памёр беларускі паэт, былы шматгадовы дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыкляпедыя» імя Петруся Броўкі Генадзь Пашкоў.
Генадзь Пашкоў
Зь лютага 1996 да 2008 году Пашкоў быў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыкляпедыя» імя Петруся Броўкі. З 2008 да 2016 году — першым сакратаром Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У 2013 годзе атрымаў званьне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Памёр на 78-м годзе жыцьця.
Ільля Жалезьнякоў
Беларус, якому ў Польшчы перасадзілі сэрца
У лістападзе ў польскім шпіталі памёр Ільля Жалезьнякоў, беларус з Гомля, якому ў Польшчы перасадзілі донарскае сэрца.
Ільля Жалезьнякоў
Перад тым паўтара года Ільля фактычна пражыў у лякарні. У сакавіку 2025 году яму зрабілі перасадку. Але новае сэрца не прыжылося.
Працаваў майстрам татуажу, займаўся гэтым рамяством вельмі даўно, з падлеткавага ўзросту, калі яшчэ жыў на радзіме. У 2018-м адгукнуўся на прапанову працы ў Польшчы, пераехаў туды. Жонка, на прыезд якой Ільля спадзяваўся, пастанавіла застацца ў Беларусі.
Жалезьнякову зрабілі апэрацыю, уставілі кардыёстымулятар. Але Ільлі ня стала. Яго пахавалі ў Беларусі.
Уладзімер Усер
Журналіст, эмігрант пасьля 2020 году
Да ад’езду ў Польшчу пасьля падзеяў 2020 году Уладзімер Усер жыў у Бабруйску. Працаваў журналістам найстарэйшай недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты гораду «Бабруйскі кур’ер», быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Уладзімер Усер
«Ён столькі працаваў! Колькі ён у акцыях у Беларусі прымаў удзел! У яго сябры і Севярынец, і Статкевіч. Ён шмат добрага зрабіў для Беларусі. Ён хацеў, каб Беларусь была вольная. Ён хацеў дачакацца Статкевіча. Ён для Беларусі быў шчырым», — расказаў пра Усера ягоны знаёмы Сяргей.
У Польшчы Ўладзімер Усер зьняўся ў фільме менскіх прапагандыстаў «Чужое неба».
Памёр 6 сьнежня ў Беластоку, яму было 70 гадоў.
Аляксандар Салагуб
Беларус, «дзіця Францыі»
Аляксандар Салагуб нарадзіўся 26 кастрычніка 1935 году ў шахтарскім гарадку Алес на поўдні Францыі.
Алесь Салагуб
Сёлета ён адзначыў 90-годзьдзе, быў рады публікацыі на сайце Свабоды ягонай гісторыі, а потым кнізе Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі», яшчэ пабачыў фільм Свабоды пра ягоны лёс «Француз зь Беларусі. Як сям’я Салагубаў паверыла Сталіну і вярнулася ў СССР».
Ён быў актыўны і жыцьцярадасны, але неўзабаве пасьля юбілею перанёс інсульт і месяц прабыў у коме.
Менавіта Алесь Салагуб першым у размове з францускімі дыпляматамі ў Менску назваў сябе «дзіцём Францыі».
У 1999-м напісаў ліст прэзыдэнту Францыі Жаку Шыраку, дачакаўся ад таго адказу, атрымаў запрашэньне наведаць родны горад Алес (Alès) у Правансе.
Аляксандар Салагуб больш як 10 разоў пабываў у Францыі, праз 53 гады пасьля ад’езду з Францыі да яго «вярнулася» француская мова.
Памёр 10 сьнежня, дажыўшы да 90 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Француз зь Беларусі — яго сям’я паверыла Сталіну. Дакумэнтальны праект СвабодыВіктар Капыцька
Беларускі музыка, кампазытар
Віктар Капыцька працаваў у шырокім дыяпазоне жанраў — ад опэраў да музыкі для кіно і тэатру, быў аўтарам музыкі для соцень фільмаў, спэктакляў.
Віктар Капыцька
Выпускнік Ленінградзкай кансэрваторыі. Сярод яго працаў — музыка да пастаноўкі «Дзядзькі Вані» Антона Чэхава, а таксама да гістарычнага фільму «Анастасія Слуцкая».
Адзін з апошніх допісаў на старонцы Victor Copytsko — пра вызваленьне Марыі Калесьнікавай. Ягоную «Сымфонію чатырох флейтаў» выконвае ансамбль флейтыстаў пад кіраўніцтвам Марыі Калесьнікавай.
Памёр 14 сьнежня на 70‑м годзе жыцьця.
Уладзімер Хількевіч
Журналіст, пісьменьнік
Уладзімер Хількевіч нарадзіўся ў 1946 годзе на Случчыне. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Празаік і публіцыст. Працаваў у газэце «Звязда».
Уладзімер Хількевіч
Аўтар раманаў «Камелия», «Водяные мосты», «Рогоносец».
У 2018-м годзе ў менскім выдавецтве «Четыре четверти» выйшла кніга Ўладзімера Хількевіча «Задержаться у ворот рая». Гэтая мастацкая кніга ўвабрала ў сябе розныя значныя падзеі, празь якія прайшла Беларусь. У тым ліку сталінскія рэпрэсіі, існаваньне і расстрэл Слуцкага гета, спробы эмігрантаў зь Беларусі зьвязацца з роднымі, якія засталіся на радзіме, і многія іншыя матывы.
Памёр 15 сьнежня, пражыў 79 гадоў.
Мікіта Мелказёраў
Журналіст, вядоўца
Мікіта Мелказёраў стаў вядомым дзякуючы працы ў спартовай газэце «Всё о футболе», затым працаваў у goals.by. Пазьней ён зьмяніў свой журналісцкі профіль і пачаў працаваць ня толькі ў галіне спорту.
Мікіта Мелказёраў
Апошнія гады ён жыў у Польшчы, куды вымушаны быў эміграваць праз рызыку перасьледу ў Беларусі. Перайшоў на беларускую мову, актыўна распаўсюджваў беларушчыну. Быў аўтарам і вядоўцам youtube-каналаў «Жыцьцё-малiна» і «Загляне сонца».
Мелказёраву было 37 гадоў, разьвітаньне зь ім прызначылі на 12 гадзін 30 сбнежня ў Варшаве. Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры польскай сталіцы Пётр Антоні Скіба паведаміў «Белсату», што пачалося расьсьледаваньне справы аб ненаўмысным забойстве. Галоўная вэрсія сьледзтва — негвалтоўная сьмерць. 23 сьнежня была праведзеная аўтапсія цела Мікіты. Вынікі чакаюцца празь некалькі месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго Беларусь страціла ў 2024 годзе