Для разьвіцьця турызму ўлады плянуюць адрадзіць Горадзенскі аэрапорт

Старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Юры Караеў, архіўнае фота

Аэрапорт Горадні дзейнічаў у часы БССР і першыя гады незалежнасьці Беларусі.

Пра тое, што ўлады плянуюць адрадзіць Горадзенскі аэрапорт, заявіў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Юры Караеў.

«Плянуем запусьціць Горадзенскі аэрапорт, каб турысты маглі прыбываць да нас лепей», — сказаў Юры Караеў.

«Ужо завяршаем рамонт узьлётна-пасадачнай паласы і ў наступныя два гады пяцігодкі будзем абсталёўваць навігацыйны рыштунак, які, на жаль, быў страчаны ў апошнія некалькі гадоў, а цяпер ён будзе».

Караеў заявіў пра плынь турыстаў у рэгіён і выказаў спадзеў на пераадоленьне «жалезнай заслоны» паміж Беларусьсю і астатнім, як ён сказаў, «так званым цывілізаваным сьветам».

«Я думаў, што цяпер мы станем ускрайкам. Але за апошнія гады са зьдзіўленьнем убачыў, што плынь турыстаў павялічваецца. Гэта ў асноўным пакуль расіяне і тыя, хто па бязьвізе прылятаюць у тым ліку. Мы сутыкнуліся зь недахопам месцаў у гатэлях, яны з самых дарагіх у рэспубліцы, здаюцца кватэры».

Караеў таксама сказаў, што ў Горадні нядаўна скончылі аднаўляць адзін з гатэляў і што плянуецца запуск турыстычнага цягніка, маршрут якога пройдзе празь беларускія раённыя цэнтры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паціху пачынаецца нешта — пасьля пэрыяду паўсьмерці». Што стала з Горадняй за дзевяць гадоў бязьвізу