Хроніка перасьледу 19 сьнежня: ляўрэата конкурсаў вакалістаў адправілі ў калёнію за ўдзел у пратэстах

Пракурор у судзе Маскоўскага раёну Менска, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Ляўрэата конкурсаў вакалістаў адправілі ў калёнію за ўдзел у пратэстах

Напачатку году ў судзе Маскоўскага раёну Менска адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Даніэля-Ландсея Кейты. Яму была інкрымінавана ч. 1 арт. 342 КК. Працэс узначальвала судзьдзя Тацяна Пірожнікава.

Як толькі цяпер стала вядома праваабаронцам, хлопцу прызначылі 2 гады пазбаўленьня волі. Ён знаходзіцца ў шклоўскай ПК-17.

Пра затрыманьне яго стала вядома ў мінулым чэрвені — на «пакаяльным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў нэгатыўныя камэнтары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне.

Вядома, што палітвязень — ляўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна і ляўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў імя Шаляпіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 сьнежня: праграміста асудзілі паводле палітычных артыкулаў, у «справе Гаюна» новы затрыманы