Беларусь у ААН прагаласавала супраць рэзалюцыі аб правах чалавека на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны

Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН. Архіўнае фота

Генэральная Асамблея ААН ухваліла абноўленую рэзалюцыю аб сытуацыі з правамі чалавека на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, у тым ліку ў Крыме і Севастопалі.

За дакумэнт прагаласавалі 79 краін, супраць — 16, а 73 краіны ўстрымаліся, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Супраць прагаласавалі Расея, Беларусь, Паўночная Карэя, Кітай, Іран, Буркіна-Фасо, Эрытрэя, Судан, Малі, Зімбабве, Бурундзі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Конга, Экватарыяльная Гвінэя, Куба і Нікарагуа.

Паводле слоў міністра замежных спраў Андрэя Сыбігі, Украіна штогод ініцыюе гэтую рэзалюцыю з 2016 года.

Дакумэнт рэзка асуджае агрэсію Расеі, пацьвярджае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, патрабуе неадкладнага спыненьня вайны і вываду расейскіх войскаў.

«Рэзалюцыя ўзмацняе міжнародны маніторынг сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека і гуманітарнага права і падкрэсьлівае неабходнасьць адказнасьці», — напісаў Сыбіга у сацыяльнай сетцы X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН аб узмацненьні супрацы ў мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы

Раней Беларусь галасавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, у якой заклікала да неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўкраінскіх дзяцей, «гвалтоўна перавезеных» у Расею.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору краіны для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН за вяртаньне выкрадзеных Расеяй украінскіх дзяцей