Інфармацыя аб разьмяшчэньні ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік» зьяўляецца «прапагандай страху для Эўропы выключна», заявіў кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеяньні дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.
«Гэтая зброя носіць выключна інфармацыйны характар», — цытуе Каваленку партал unn.ua.
Аб тым, комплекс «Арэшнік» ужо завезены ў Беларусь, заявіў 18 сьнежня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе.
«Ён у нас з учарашняга дня і заступае на баявое дзяжурства», — сказаў ён.
13 сьнежня кіраўнік Службы зьнешняй выведкі Украіны Алег Івашчанка заявіў, што калі «Арэшнік» зьявіцца ў Беларусі, Менск «ня будзе мець ніякіх правоў і паўнамоцтваў на яго прымяненьне», комплекс будзе знаходзіцца «ў адзінай сыстэме кіраваньня Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня РФ».
«Разгортваньне „Арэшніка“ на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску перш за ўсё на ЭЗ і NATO, а не на Ўкраіну, — лічыць Івашчанка. — Такі крок дазволіць Расеі пашырыць свае здольнасьці для нанясеньня раптоўнага ўдару па сталіцы любой эўрапейскай краіны і значна зьменшыць час падлёту ракет у параўнаньні з запускам з палігону Капусьцін Яр».
12–16 верасьня прайшлі маштабныя беларуска-расійскія вучэньні «Захад-2025», падчас якіх былі адпрацаваны «планаваньне прымяненьня» ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеяньні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.
26 студзеня 2025-га Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Пры гэтым, гаворачы аб тэрмінах пастаўкі, ён паведаміў, што «гэта не гарыць».
18 сакавіка дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў, што ў краіне падрыхтаваныя пляцоўкі для разьмяшчэньня «Арэшніка».
Упершыню аб жаданьні разьмясьціць «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі Лукашэнка заявіў 28 лістапада 2024 года на палях саміту АДКБ у Астане (Казахстан).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі разьмясьцілі «Арэшнік». Свабода раней падала магчымае месца яго разьмяшчэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны: у Беларусі не пабудавалі пляцоўку пад «Арэшнік», яго разьмяшчаюць для шантажу Эўропы