Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі разьмясьцілі «Арэшнік». Свабода раней падала магчымае месца яго разьмяшчэньня

Спадарожнікавы здымак вёскі Паўлаўка, дзе маглі разьмясьціць стратэгічную ядзерную зброю

Калі верыць Лукашэнку, расейскі ракетны комплекс прыехаў у Беларусь 17 сьнежня.

«У нас адна апора нашага сувэрэнітэту — гэта блізкі нам народ, расейцы. Калі б не было Расеі і Кітая, нам складана было б. У Эўропе газ па 500 даляраў, а ў нас — 120 даляраў», — заявіў Лукашэнка.

Разьмяшчэньне «Арэшніка» ў Беларусі ён назваў «захадам стратэгічнага стрымліваньня». Перад тым ён сказаў, што ў выпадку пагрозы спачатку рэагуе Беларусь, а затым падключаецца хаўрусьнік — Расея.

Ён адзначыў, што сьвет заўсёды быў такім — моцных паважаюць, таму «трэба быць моцнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад-2025»: як Беларусь адбудоўвала вайсковыя базы пасьля 2022 году і чым гэта пагражае суседзям. ФОТА

Нейкіх пацьверджаньняў заяве, акрамя словаў самога Лукашэнкі, няма. Раней ён сам і ягоны хаўрусьнік Расея неаднойчы пагражалі Эўропе разьмясьціць комплекс на беларускай тэрыторыі.

Свабода раней падавала магчымае месца разьмяшчэньня расейскага балістычнага ракетнага комплексу. Яно месьціцца на поўдзень ад Менску ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка. Будаўніцтва вайсковага аб’екту там вялося ў поўнай таямніцы, і гэта, разам з іншымі чыньнікамі, стала падставай так думаць.

Дэталі расьсьледаваньня магчымага месца разьмяшчэньня «Арэшніку» ў Беларусі можна прачытаць у поўным тэксьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 60 кілямэтраў ад Менску будуюць сакрэтную вайсковую базу. Спадарожнікавыя здымкі