У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях (МНС) Беларусі паведамілі, што ў ноч на 18 сьнежня выратавальнікі Рэспубліканскага атрада спэцыяльнага прызначэньня «ЗУБР» працавалі на месцы разбурэньня часткі шматпавярховага жылога дому ў Гомлі.
Як адзначаецца ў паведамленьні, месца інцыдэнту абсьледавалі дзьве кіналягічныя групы з выкарыстаньнем відэаэндаскопу і радара-дэтэктара, але пацярпелых не знайшлі.
«Пошукі вяліся ва ўмовах абломкаў, якія абрынуліся, і нестабільных элемэнтаў будаўнічых канструкцый, якія навісалі», — удакладнілі ў МНС.
У Telegram-канале Гомельскага аблвыканкаму паведамілі, што «жывых людзей пад заваламі не знайшлі». Ці ёсьць загінулыя — не паведамілі ні ўлады, ні МНС.
Інцыдэнт з разбурэньнем канструкцый на 7 паверсе шматпавярховага дому адбыўся ўдзень 17 сьнежня.
Згодна з папярэдняй вэрсіяй, гэта стала вынікам выбуху газу. Узгараньня на месцы здарэньня не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну адбыўся пажар у старажытным касьцёле