ВУП у студзені — лістападзе вырас на 1,3% у гадавым вымярэньні — Белстат

Менскі трактарны завод (МТЗ). Адно з ключавых для беларускай эканомікі прадпрыемстваў

Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі за студзень — лістапад 2025 году павялічыўся на 1,3% да аналягічнага пэрыяду 2024 году.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат).

Па дадзеных ведамства, аб’ём у бягучых коштах склаў 258 млрд рублёў.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) у кастрычніцкім аглядзе пагоршыў прагноз па росьце беларускай эканомікі ў 2025 годзе. На думку аналітыкаў, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2025 году вырасьце на 2,1%, па выніках 2026 году — на 1,4%.

Раней Сусьветны банк панізіў на 0,3% свой прагноз наконт росту эканомікі Беларусі ў 2025 годзе — да 1,9% (у чэрвеньскім аглядзе прагноз быў вышэйшым — +2,2%).

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў верасьні таксама пагоршыў свой папярэдні (травеньскі) прагноз — да 1,7% на 2025 год і да 2, 3% на 2026 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў прагноз на 2026 год: рост ВУП на 2,8% і рэальных даходаў на 4,8%

Зьніжэньне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназаваў Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным у красавіку.

Згодна з найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — плянавымі) парамэтрамі на гэты год, вызначанымі ўрадам, рост ВУП сёлета павінен скласьці 4,1%.

Па выніках 2024 года рост эканомікі склаўся на ўзроўні 4%, 2023 году — 3,9%, у 2022 годзе ВУП зьнізіўся на 4,7%, у 2021-м — вырас на 2,3%, у 2020-м — скараціўся на 0,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м