Пасьля вызваленьня 123 палітычных вязьняў, у тым ліку ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, лідэркі пратэстаў 2020 году Марыі Калесьнікавай, апазыцыйнага палітыка Віктара Бабарыкі, Злучаныя Штаты неадкладна абвясьцілі аб зьняцьці санкцыяў з прыбытковага экспарту ўгнаеньняў зь Беларусі, у тым ліку з найбуйнейшай кампаніі «Беларуськалій», якая служыць асноўнай крыніцай даходаў рэжыму кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, піша ў сваім матэрыяле эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Гэты крок быў зроблены ўсьлед за падобным зьмякчэньнем санкцыяў, ад пачатку ўведзеных Вашынгтонам пасьля рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ў 2021 годзе, калі ў лістападзе сёлета нацыянальнай авіякампаніі Беларусі «Белавія» зноў дазволілі абслугоўваць і купляць кампанэнты для сваіх самалётаў у амэрыканскай кампаніі Boeing. Гэта адбылося пасьля таго, як чарговая партыя палітычных зьняволеных была вызвалена пры пасярэдніцтве спэцыяльнага пасланьніка ЗША Джона Коўла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН: мэта адміністрацыі ЗША — цалкам аднавіць дачыненьні зь БеларусьсюАле ў той час як Злучаныя Штаты зараз актыўна ўзаемадзейнічаюць з Лукашэнкам, міністры замежных справаў ЭЗ, сабраўшыся ў Брусэлі 15 сьнежня, абралі зусім іншы шлях. Пад ціскам Літвы блёк замест гэтага пашырыў сфэру санкцыяў, ужо накладзеных на Менск. Брусэль ужо абвінавачваў дзяржаву і яе кіраўніцтва ў парушэньнях правоў чалавека, падтрымцы Расеі ў вайне супраць Украіны і выштурхоўваньні мігрантаў з Азіі і Афрыкі ў межы ЭЗ, але цяпер Эўразьвяз аднагалосна дадаў тры дадатковыя крытэры для абвінавачаньняў у адрас рэжыму Лукашэнкі.
Цяпер беларускія суб’екты могуць апынуцца пад санкцыямі, калі будзе прызнана, што яны плянавалі ці былі залучаныя ў «іншаземныя інфармацыйныя маніпуляцыі і ўмяшаньні» ў ЭЗ. Іх могуць таксама пакараць за дзеяньні, накіраваныя «супраць функцыянаваньня дэмакратычных інстытутаў, эканамічнай дзейнасьці і грамадзкіх паслуг ЭЗ», і, нарэшце, санкцыямі будзе карацца недазволенае пранікненьне на тэрыторыю Эўразьвязу. Апошні крытэр найважнейшы, бо гэта простая рэакцыя ЭЗ на мэтэаралягічныя балёны, якія звычайна выкарыстоўвае Беларусь для кантрабанду цыгарэт, якія заляталі ў Літву і перашкаджалі яе паветранаму руху апошнімі месяцамі.
Літоўскія ўрадоўцы нядаўна паведамілі Радыё Свабода, што з чэрвеня ў краіну зь Беларусі ўляцела без дазволу агулам 315 несанкцыянаваных паветраных балёнаў, пік прыпаў на кастрычнік — 71 уварваньне ў паветраную прастору. Гэтыя ўварваньні прымусілі два найбуйнейшыя літоўскія аэрапорты ў Вільні і Коўне часова закрывацца 15 разоў толькі сёлета, што паўплывала на больш як 320 рэйсаў і 45 000 пасажыраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве перахапілі 42 мэтэазонды з кантрабандай, затрымалі 8 чалавекПаводле некалькіх службоўцаў ЭЗ, зь якімі зьвязалася Радыё Свабода, блёк падоўжыць усе свае санкцыі на Беларусь найбліжэйшымі тыднямі, бо ўсе 27 дзяржаваў ЭЗ пагаджаюцца, што санкцыі павінны быць захаваныя.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Чакаецца, што дадатковыя санкцыі супраць адказных за ўварваньні паветраных балёнаў Вільня прапануе ў пачатку студзеня, у той час як дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Менску, як чакаецца, будуць уключаны ў 20-ы пакет санкцыяў ЭЗ супраць Расеі і Беларусі, што мае быць зацьверджаны прыкладна на чацьвёртую гадавіну поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну ў канцы лютага.
Хоць праект санкцыяў пакуль не распрацаваны, службоўцы чакаюць, што Брусэль паставіць за мэту ўвесьці такія захады, як поўная забарона апэрацыяў з большай колькасьцю беларускіх банкаў, удар па азотных угнаеньнях у дадатак да ўжо санкцыянаваных калійных, забарона на імпарт у ЭЗ рапсавага алею і солі зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 мільёнаў даляраў. Як выглядаў гандаль каліем паміж Беларусьсю і ЗША да санкцыяў і што будзе заразКалі пасьля сустрэчы ў Брусэлі кіраўніцу замежнай палітыкі ЭЗ Каю Калас спыталі, ці разгледзіць ЭЗ магчымасьць пайсьці за прыкладам ЗША і паслабіць санкцыі, яна адхіліла гэтую прапанову:
«Пакуль гэтая вайна працягваецца і Беларусь відавочна дапамагае Расеі ў яе ваенных намаганьнях, а таксама ў гібрыдных нападах супраць дзяржаваў ЭЗ, наша пазыцыя застаецца вельмі выразнай. Мы ўводзім больш санкцый супраць Беларусі і цісьнем на яе, каб яна не выкарыстоўвала гэтую тактыку супраць нас. Такім чынам, мы павялічваем для іх кошт зьмены балянсу».
Акрамя Літвы, Польшча і Латвія заяўляюць аб працягу намаганьняў рэжыму Лукашэнкі ў перапраўцы мігрантаў на іх межы зь Беларусьсю і прымушэньні іх перасекчы мяжу. Той факт, што больш за тысячу палітычных зьняволеных усё яшчэ за кратамі, многія ў турме ў той час, калі іншыя вызваленыя, таксама пераканаў Брусэль не мяняць стаўленьня да санкцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль людзьмі і каліем: як Лукашэнка выкарыстоўвае вызваленьне палітвязьняўНекалькі дыпляматаў ЭЗ, якія выказваліся на ўмовах ананімнасьці, таксама цьвёрда заявілі, што дзеяньні ЗША ніяк не паўплывалі на мысьленьне Брусэлю, прычым адзін дадаў, што «ЗША могуць дазволіць сабе любое паслабленьне санкцый, якое яны захочуць, але без удзелу ЭЗ нічога не адбудзецца для такой краіны, як Беларусь, якая ня мае выхаду да мора».
Іншы адзначыў, што ЗША не мяжуюць зь Беларусьсю і таму «не адчуваюць такой жа пагрозы, як Эўропа», прызнаючы, што Вашынгтон, падобна, разглядае Лукашэнку як карысны канал уплыву на расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў амэрыканскай місіі пасярэдніцтва ў мірных перамовах паміж Масквой і Кіевам.
Аднак пытаньне ў тым, ці ня будуць Злучаныя Штаты падштурхоўваць Літву да таго, каб яна ў рэшце рэшт адмовілася ад «ястрабінай» пазыцыі стасоўна Менску.
Высокапастаўлены літоўскі дыплямат, які выказваўся на ўмовах ананімнасьці, сказаў Радыё Свабода, што гэтага не адбудзецца, падкрэсьліўшы, што «ЗША гэтага ня робяць і ня будуць рабіць». Аднак у Вільні ўзьнікла пэўная блытаніна, калі міністар замежных справаў Кястуціс Будрыс заявіў нацыянальнай тэлекампаніі LRT, што пытаньне дазволу на транзыт беларускага калію празь Літву «ўваходзіць у агульны сьпіс пытаньняў», якія будуць абмяркоўвацца са Злучанымі Штатамі, але пазьней яго ведамства ўдакладніла, што ён казаў не пра беларускія ўгнаеньні, а пра ўварваньне беларускіх мэтэаралагічных балёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы адклаў прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі. Сьпікер патлумачыў, чаму