Пасьля вызваленьня 123 палітвязьняў дакладчык ААН заявіў, што прыкмет зьмены палітыкі рэпрэсій у Беларусі няма

Спэцыяльны спавяшчальнік ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, архіўнае фота

Спэцдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс перасьцярог ад празьмернага аптымізму ў дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Нілс Муйжніекс, спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, 17 сьнежня вітаў нядаўнія вызваленьні 123 зьняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, але пры гэтым перасьцярог ад празьмернага аптымізму ў дачыненьні да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ягоную заяву перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Нядаўнія вызваленьні суправаджаліся высылкай у іншыя краіны, а тыя, каму пасьля вызваленьня дазволілі застацца ў Беларусі, апынуліся пад жорсткім рэжымам назіраньня і былі пазбаўленыя магчымасьці вярнуцца на кваліфікаваны рынак працы», — заявіў Нілс Муйжніекс.

Экспэрт адзначыў, што разам з вызваленьнямі працягваюцца затрыманьні і перасьлед па палітычных матывах.

«Агульная колькасьць людзей, якіх праваабаронцы прызнаюць палітычнымі зьняволенымі, па-ранейшаму перавышае 1100 чалавек, а гэта азначае, што Беларусь па-ранейшаму ўваходзіць у лік краін з самай высокай колькасьцю палітычных зьняволеных на душу насельніцтва», — сказаў Муйжніекс.

Экспэрт адзначыў, што падчас апошняй хвалі вызваленьня 13 сьнежня з вязьніцаў выйшлі сярод іншых ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і лідэры палітычнай апазыцыі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава. Адразу пасьля вызваленьня яны былі перапраўленыя ў Літву і ва Ўкраіну. Усяго на волі апынуліся 123 палітвязьні. Раней, у верасьні 2025 года, іншая група, 51 чалавек, была высланая ў Літву, шмат хто зь іх без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу.

«Гэтыя людзі з нецярпеньнем чакалі вяртаньня дадому і да сваіх сем’яў. Замест гэтага іх выслалі з краіны, пакінулі бяз сродкаў для існаваньня, а ў некаторых выпадках яшчэ і пазбавілі дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу», — падкрэсьліў Муйжніекс.

Экспэрт асобна нагадаў пра Мікалая Статкевіча, які 11 верасьня быў у складзе групы вызваленых палітвязьняў, але адмовіўся пакідаць Беларусь і зь мяжы быў вернуты ў вязьніцу.

Паводле экспэрта ААН вяртаньне ў Беларусь для вызваленых палітвязьняў азначае новае турэмнае зьняволеньне і не вырашае агульную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

«Хоць вызваленьне зьняволеных, безумоўна, прыносіць палёгку, беларускія ўлады не падаюць ніякіх прыкмет зьмены палітыкі ці практыкі рэпрэсій і ня робяць ніякіх заяў у гэтым кірунку. Да таго часу, пакуль вінаватыя ў сурʼёзных парушэньнях правоў чалавека ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці, пакуль усе палітычныя зьняволеныя не будуць вызваленыя, а ўсе беларусы, якія знаходзяцца ў выгнаньні, ня змогуць бясьпечна вярнуцца ў Беларусь і не атрымаюць магчымасьць свабодна выказвацца і працаваць, мы не зможам казаць пра нармалізацыю сытуацыі», — мяркуе спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сабачая савецкая сыстэма». Алесь Бяляцкі ў інтэрвію Свабодзе расказаў пра стаўленьне ў турме да нобэлеўскага ляўрэата. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая прэс-канфэрэнцыя вызваленых палітзьняволеных прайшла ва Ўкраіне. ПОЎНАЕ ВІДЭА