Сейм Літвы адклаў прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі. Сьпікер патлумачыў, чаму

Старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас

Старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас паведаміў, што заплянаванае ў аўторак прадстаўленьне ў парлямэнце рэзалюцыі па гібрыднай атацы Беларусі было адкладзенае, каб пазьбегнуць эскаляцыі сытуацыі.

Паводле яго слоў, якія цытуе BNS, Літве неабходна гарантаваць сваю бясьпеку, і гэта не заўсёды дасягаецца адной толькі жорсткай пазыцыяй.

«Як вы ведаеце, сёньня ў Сейме мы адклалі прыняцьце падрыхтаванай намі рэзалюцыі, каб знайсьці магчымасьці для абмеркаваньня розных варыянтаў», — сказаў Олекас у праграме «Тэма дня» на тэлеканале LRT.

«Нам патрэбная бясьпека, нам патрэбная эканамічная бясьпека, і гэта не заўсёды дасягаецца адной толькі жорсткай пазыцыяй, але дасягаецца і дыпляматычнымі шляхамі. Менавіта таму і нараджаюцца такія прапановы», — дадаў ён.

Рэзалюцыя, зарэгістраваная прадстаўнікамі кіроўнай большасьці і апазыцыі, павінны былі прадставіць у Сейм у аўторак, але гэтае пытаньне было зьнятае з парадку дня пленарнага пасяджэньня.

У праекце рэзалюцыі сярод іншага напісана, што «выкарыстаньне кантрабандысцкіх паветраных балёнаў, бесьпілётных лятальных апаратаў (дронаў) і іншых тэхнічных сродкаў з тэрыторыі Беларусі супраць Літоўскай Рэспублікі зьяўляецца гібрыднай атакай», і літоўскія ведамствы павінны разглядаць гэта як «комплексную варожую апэрацыю супраць Літоўскай дзяржавы».

У дакумэнце ўраду было б прапанавана скаардынаваць дзеяньні ў адказ з боку суседніх краін Эўрапейскага зьвязу, у тым ліку адносна закрыцьця межаў, шматразовых перасячэньняў мяжы Беларусі, арганізаваных рэйсаў зь Беларусі на тэрыторыю краін ЭЗ або зь яе, а таксама набыцьця нерухомасьці грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі краін ЭЗ.

Пасьля сустрэчы прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам амэрыканскі прадстаўнік паведаміў, што Лукашэнка паабяцаў спыніць запуск паветраных балёнаў з кантрабандай у Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву