Ва Ўкраіне знайшлі паветраны балён зь беларускай кантрабандай, ён накіроўваўся ў Польшчу

Balloon found with Belarusian cigarettes in Volyn region of Ukraine

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі аб выяўленьні ў Валынскай вобласьці паветранага балёну з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі.

Як паведамілі ў Заходнім рэгіянальным упраўленьні памежнай службы, балён знайшлі недалёка ад беларуска-ўкраінскай мяжы ў Шацкім раёне. Памежнікі мяркуюць, што цыгарэты, імаверна, плянавалі пераправіць у краіны Эўразьвязу.

Пакет быў абгорнуты чорнай поліэтыленавай плёнкай, да якога была прымацаваная вяроўка з рэшткамі паветранага балёну. Унутры знаходзіліся 1500 пачкаў цыгарэт маркі «Мінск» з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь, а таксама дзьве прылады GPS: адна з SIM-карткай ад беларускага апэратара сувязі, другая з SIM-карткай ад апэратара Рэспублікі Польшча.

Арыентаваная вартасьць знойдзеных цыгарэт складае прыблізна 90 тысяч грыўняў, што эквівалентна крыху больш за 2 тысячам даляраў.

Раней паветраныя балёны інтэнсіўна запускаліся на беларуска-літоўскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве перахапілі 42 мэтэазонды з кантрабандай, затрымалі 8 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву