«Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: яднаньне ці канкурэнцыя?

Сьвятлана Ціханоўская, Віктар Бабарыка, каляж

Якімі будуць наступствы вызваленьня знакавых асобаў апазыцыі для дэмакратычных сілаў?

Гэтае пытаньне абмяркоўвалі ў праграме «Палітыка з Юрыем Дракахрустам» Павал Баркоўскі, сталы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня, і Антон Раднянкоў, старшыня Рады Цэнтру новых ідэяў, чалец каманды Віктара Бабарыкі.

На пытаньне аб магчымым вяртаньні Бабарыкі ў палітыку на высокім узроўні Раднянкоў заявіў, што цяперашнія дэмакратычныя сілы ў выгнаньні ў асноўным займаюцца камунікацыяй з эўрапейскімі і заходнімі партнэрамі. На яго думку Сяргей Ціханоўскі лічыць, што добры артыкул у Foreign Policy можа паўплываць на Дональда Трампа.

Паводле Раднянкова Віктар Бабарыка ў 2020 годзе вёў рэальную палітычную барацьбу ўнутры краіны, змагаўся за галасы беларускіх выбаршчыкаў, ён сабраў рэкордныя 500 тысяч подпісаў за сваю кандыдатуру — найбольшую лічбу за ўсю гісторыю Беларусі. «Трэба даць час аднавіцца і Віктару Бабарыку, і Марыі Калесьнікавай, і Максіму Знаку. І пасьля гэтага мы ўжо абмяркуем пляны працы», — сказаў Раднянкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто насамрэч вызваляе беларускіх палітвязьняў? Дыскусія Баркоўскага і Раднянкова

Паўлу Баркоўскаму было зададзенае пытаньне, як каманда Сьвятланы Ціханоўскай плянуе ўзаемадзейнічаць з вызваленымі палітыкамі, асабліва з улікам таго, што Марыя Калесьнікава ў 2020 годзе была часткай знакамітага «жаночага трыа» разам з Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай.

Баркоўскі адзначыў, што палітычны працэс 2020 года і сёньняшні — зусім розныя. Кааліцыя трох жанчын зараз немагчымая. Паводле яго шмат што залежыць ад рашэньняў Віктара Бабарыкі — ці вернецца ён у палітыку і ў якой ролі. Ён не пагадзіўся з Раднянковым, што Офіс Ціханоўскай і Кабінэт займаюцца выключна замежнай палітыкай: «Вядзецца праца і з беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне, вядзецца праца і ў Беларусі. Проста пра гэта нельга расказваць публічна».

«Мы павінныя дачакацца рашэньня Віктара Бабарыкі і яго каманды. Калі ён вырашыць вярнуцца ў палітыку, будуць цалкам натуральнымі перамовы аб супрацы», — сказаў Баркоўскі. Ён, аднак, выключыў магчымасьць супрацы, калі высьветліцца, што каманда Бабарыкі — гэта расейскія ці прарасейскія сілы, якія пойдуць пад крыло расейскіх арганізацыяў. «Калі будзе бачна, што гэта беларускія палітыкі, якія працуюць на беларускія інтарэсы, я думаю, будзе натуральна весьці з імі дыялёг і будзе магчымасьць ангажаваньня іх у сумесныя праекты» — сказаў Павал Баркоўскі, чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту, які ўзначальвае Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: ці рассварыцца беларуская апазыцыя. Палітыка з Дракахрустам