12–13 сьнежня ў Менску праходзілі перамовы паміж спэцыяльным пасланьнікам ЗША для Беларусі Джонам Коўлам і Лукашэнкам. Вынікам гэтых перамоваў стала вызваленьне 123 палітычных зьняволеных зь беларускіх турмаў, а таксама зьняцьцё санкцыяў ЗША зь беларускіх калійных угнаеньняў.
Пры гэтым беларускі калій застаецца пад санкцыямі Эўрапейскага Зьвязу, здымаць гэтыя санкцыі не плянуецца. Пра гэта Deutsche Welle заявіла высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас.
«Мы ўлічваем нашыя стратэгічныя задачы, адной зь якіх застаецца аказваць ціск на агрэсара і ягоных памагатых. Менавіта таму мы ўвялі санкцыі. Такая наша палітыка», — сказала яна.
Адна з шахтаў "Беларуськалія" ля Салігорска. Ілюстрацыйнае фота
Пра тое, што зьмякчэньне санкцыяў Вашынгтону на пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў не паўплывае на пазыцыю ў гэтым пытаньні ня толькі ЭЗ у цэлым, але і беспасярэдне Літвы, заявіў, паводле інфармацыі LRT, міністар замежных справаў краіны Кястуціс Будрыс.
Куды беларускі калій пастаўлялі раней і куды яго прадаюць цяпер
Да ўводу санкцыяў у 2020 годзе Беларусь прадала ў розныя краіны калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўны сьпіс пакупнікоў выглядаў тады наступным чынам:
Бразылія — на 520 мільёнаў даляраў
Кітай — на 319,7 мільёна даляраў
Індыя — на 289,7 мільёна даляраў
ЭЗ — на 195,7 мільёна даляраў
Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў
ЗША — 100,9 мільёна даляраў
Тады асноўная частка калію зь Беларусі ішла на экспарт праз Клайпедзкі порт у Літве.
Пасьля ўводу санкцыяў зьмянілася і лягістыка дастаўкі калію, і сьпіс краін — асноўных пакупнікоў. Пастаўляць гэты прадукт сталі праз парты Расеі. Беларусь з 2021 году закрыла афіцыйную статыстыку продажу калію. Аднак з статыстыкі гандлёвых партнэраў бачна, куды ў асноўным прадаецца гэтая прадукцыя.
"Беларуськалій", ілюстрацыйнае фота
За першыя 9 месяцаў гэтага году Беларусь паставіла ў Кітай калію на 441,7 мільёна даляраў. Гэта менш на траціну, чым у такі ж пэрыяд летась. Беларусь апусьцілася ў сьпісе пастаўнікоў калію ў Кітай з другога на чацьвёртае месца.
Згодна з статыстычнымі зьвесткамі Бразыліі, продаж беларускіх тавараў у гэтую краіну з 2020 па 2024 год зьменшыўся ў 11,4 раза — з 540 мільёнаў даляраў да 47 мільёнаў. Аснову экспарту туды раней складалі якраз калійныя ўгнаеньні.
Індыя таксама істотна скараціла імпарт беларускага калію. У 2023 годзе асноўнымі пастаўнікамі сталі Расея і Канада, а аб’ём гэтага прадукту зь Беларусі скараціўся да некалькіх мільёнаў даляраў на год супраць 289 мільёнаў у 2020 годзе.
«Нічога істотнага»
Расейская чыгунка і парты, празь якія цяпер беларускі калій пастаўляюць у іншыя краіны, перагружаныя сваім, расейскім каліем. Пра гэта ў размове з Свабодай сказала Аліса Рыжычэнка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях.
Аліса Рыжычэнка
«Чыгунка і расейскія парты перагружаныя ўласнымі грузамі і тым абаротам экспарту, які ёсьць у Расеі. Ім выгадна прадаваць свае калійныя ўгнаеньні, а не даваць магчымасьць рабіць гэта Беларусі», — мяркуе Рыжычэнка.
Само па сабе зьняцьцё амэрыканскіх санкцыяў істотна не паўплывае на сытуацыю, працягвае эканамістка. Для паляпшэньня становішча беларускаму боку трэба, каб санкцыі зьнялі ЭЗ і Літва і каб сталі даступныя балтыйскія парты.
«Скасаваньне амэрыканскіх санкцыяў кардынальна нічога не зьмяняе, бо няма доступу да партоў, лягістычна важных для шляхоў гэтых калійных угнаеньняў. Калі Літва пойдзе на саступкі, здыме санкцыі і дазволіць беларускаму калію доступ да партоў, улічваючы, што і амэрыканцы зьнялі зь іх санкцыі, то, вядома, гэта ўжо зьменіць сытуацыю. Гэта сур’ёзна паўплывае на аб’ёмы экспарту калійных угнаеньняў, на іх вытворчасьць», — кажа суразмоўца.
«Будзе менш рызыкі»
Для краін, якія працягвалі набываць беларускі калій, будзе менш рызыкі трапіць пад другасныя санкцыі ЗША. Такую думку ў размове з Свабодай выказала старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
Анастасія Лузгіна
«Будзе прасьцей з разьлікамі ў далярах. Напрыклад, калі раней нейкая краіна набывала калій і магла асьцерагацца трапіць пад другасныя санкцыі, то цяпер такога ня будзе. Бразылія і Індыя, якія раней набывалі беларускі калій, несьлі рызыку, бо купляюць падсанкцыйную прадукцыю. А цяпер гэтая рызыка зьніжаецца. Што да паставак беларускага калію ў ЗША, то раней Беларусь яго туды пастаўляла, але ў невялікіх аб’ёмах. Складана сказаць, ці ёсьць тут зацікаўленасьць з боку ЗША, бо лягістыка застаецца доўгай і цяжкай. А ЭЗ пакуль ня кажа пра зьняцьцё сваіх санкцыяў», — гаворыць Анастасія Лузгіна.
Цяпер у ЗША ёсьць прэтэнзіі да канадзкага калію, але транспартаваньне беларускага калію застаецца нязручным, каб везьці яго ў ЗША ў вялікіх аб’ёмах, дадае суразмоўца.
Пры гэтым ЗША могуць быць зацікаўленыя ў самім бізнэсе на беларускіх калійных угнаеньнях. Пра гэта гаворыць Аліса Рыжычэнка.
«Амэрыка можа быць зацікаўленая ў пастаўках зь Беларусі калійных угнаеньняў. Можна таксама меркаваць, што ў Амэрыкі ёсьць нейкі інтарэс быць, скажам так, акцыянэрамі „Беларуськалію“. Або, магчыма, у іх ёсьць інтарэс быць акцыянэрамі Клайпедзкага порту, бо там каля 30 адсоткаў належыць Беларускай калійнай кампаніі. Пакуль няма надзейных крыніц, можна меркаваць пра цалкам розныя варыянты», — заўважае эканамістка.
ЗША ўвялі санкцыі супраць Беларускай калійнай кампаніі ў сьнежні 2021 году. Да ўводу санкцыяў доля беларускага калію на сусьветным рынку складала прыкладна 20%.