У Падмаскоўі школьнік напаў на вучняў з нажом. 10-гадовы хлопчык загінуў, ахоўнік паранены

Адзінцова, Маскоўская вобласьць Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Упаўнаважаная ў правах дзяцей Маскоўскай вобласьці Расеі Ксенія Мішонава паведаміла аб нападзе ў школе пад Масквой.

Паводле агенцтва Інтэрфакс, падлетак нажом параніў некалькіх чалавек.

«У школе ў Адзінцове напад. Ёсьць пацярпелыя. На месцы працуюць праваахоўныя органы. Усю дапамогу і падтрымку дзецям і дарослым нададуць», — напісала Ксенія Мішонава ў сваім Telegram-канале.

Цяпер сьледчыя высьвятляюць прычыны здарэньня. Ніякіх іншых дэталяў Ксенія Мішонава не паведаміла.

Школьніка, які напаў, затрымалі. Як адзначылі ў экстрэмальных службах, ён пранёс нож ва Ўсьпенскую школу ў Адзінцоўскім раёне Падмаскоўя, параніў ахоўніка і некалькіх дзяцей.

Пазьней у паліцыі паведамілі, што ад атрыманых раненьняў 10-гадовы хлопчык загінуў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два студэнты загінулі ў выніку страляніны ў адным з найстарэйшых унівэрсытэтаў ЗША