Выхаваньне патрыятызму стала абавязковым для дзяржаўных і прыватных аздараўленчых установаў

Украінскія дзеці ў Беларусі ў вайсковай частцы 3214. Ілюстрацыйнае фота

Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падпісаў пастанову, якой зацьвердзіў палажэньне аб выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы Міністэрства адукацыі, вызначаныя асаблівасьці арганізацыі дзейнасьці аздараўленчых цэнтраў і лягераў цяпер абавязковыя і для прыватных установаў.

«Выхаваньне моладзі ў духу патрыятызму, любові да Радзімы і павагі да яе гісторыі» стала адной з задачаў выхаваўча-аздараўленчых установаў.

Пасьля падзеяў 2020 году, калі ў краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, улады Беларусі ўва ўсіх сфэрах дзейнасьці дзяржавы ўзмацнілі ідэалягічную працу. На кожным прадпрыемстве ў кіраўніцтве абавязкова ёсьць намесьнік у ідэалягічнай працы, а ў школах пачалі праводзіць «патрыятычныя мерапрыемствы» вайсковай накіраванасьці, зьвязаныя з Другой усясьветнай вайной.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як рэжым Лукашэнкі парушае правы дзяцей. Погляд палітыкаў, лекараў і праваабаронцаў

У траўні 2024 году прэсавая служба ўнутраных войскаў МУС Беларусі паведаміла аб стварэньні дабрачыннага фонду «Маладая гвардыя», які прыцягвае сродкі для вайскова-патрыятычных клюбаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фоне разгрому няўрадавых арганізацый ў Беларусі стварылі новы вайскова-патрыятычны фонд

«Патрыятычнае выхаваньне» закранула ў тым ліку і ўкраінскіх дзяцей, якіх Расея незаконна вывозіла ў Беларусь. У кастрычніку 2024 году праваабаронцы апублікавалі даклад «Скрадзенае дзяцінства», у якім расказалі, як у Беларусі дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cкрадзенае дзяцінства». Рэжым Лукашэнкі сьцірае ідэнтычнасьць украінскіх дзяцей праз перавыхаваньне і мілітарызацыю, — даклад