Лукашэнка гатовы прыняць свайго калегу з Вэнэсуэлы, але пераконвае, што пытаньне яго ўцёкаў не абмяркоўвалі

У часе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax. 13 сьнежня 2025 году

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кіраўнік Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура, які знаходзіцца ва ўладзе з 2013 году, ніколі ня будзе ўцякаць з сваёй краіны.

«Мадура ня быў ніколі нашым ворагам і праціўнікам. Ніколі. Калі б ён зажадаў прыехаць у Беларусь, дзьверы для яго тут адчыненыя. Але аб гэтым ніколі, шчыра вам кажу, ніколі не было мовы. Мадура ня той чалавек, які ўсё кіне і сыдзе, уцячэ. Гэта моцны чалавек. Гэта, як Чавэс (Уга Чавэс — папярэдні кіраўнік Вэнэсуэлы, памёр у 2013 годзе. — РС). Ён моцны мужык, прыстойны, адэкватны чалавек, зь якім можна размаўляць і дамаўляцца», — сказаў Лукашэнка ў інтэрвію Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax.

Фрагмэнт гэтага інтэрвію абнародаваў Telegram-канал «Пул первого».

Усе размовы аб магчымых уцёках Мадуры ў Беларусь ён назваў «пустымі размовамі».

«Ніколі на гэтую тэму з Мадурам мы не размаўлялі. Мы больш з амэрыканцамі наконт Вэнэсуэлы, калі ўжо шчыра казаць, размаўляем, чым з Мадурам наконт ягонай адстаўкі і нейкіх дзеяньняў. Гэта гераічны мужык», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Паводле яго, Мадура, хоць і зь невялікай перавагай, перамог на выбарах. «Калі вы хочаце ўсіх вэнэсуэльцаў аб’яднаць вакол Мадуры, амэрыканцы гэтага ня хочуць, напэўна, і Трамп таксама, то вы пачняце вайну супраць Вэнэсуэлы. Ні ў якім выпадку нельга гэтага рабіць», — параіў ён.

Лукашэнка таксама сказаў, што ня бачыць ніякіх праблем у тым, што ЗША не прызналі вынікаў выбараў у Вэнэсуэле. «ЗША не прызнавалі ня толькі выбары ў Вэнэсуэле. Пры Байдане (прэзыдэнт ЗША ў 2021-2025 гадах. — РС) вы нідзе не прызнавалі выбары», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла абвясьціла пра маштабнае разгортваньне войскаў у адказ на вайсковую прысутнасьць ЗША

Сёлета Лукашэнка двойчы сустракаўся з паслом Вэнэсуэлы ў Расеі Хесусам Рафаэлем Саласарам Вэласкэсам — 25 лістапада і 11 сьнежня. Гэта адбылося на тле абвастрэньня дачыненьняў паміж ЗША і Вэнэсуэлай. На першай сустрэчы ён перадаў запрашэньне Нікалясу Мадуру наведаць Беларусь.

Праз два тыдні пасьля гэтага Лукашэнка паведаміў, што вэнэсуэльскі пасол абяцаў узгадніць «некаторыя пытаньні» з Нікалясам Мадурам і зноў прыехаць на сустрэчу ў Менск для ўхваленьня канчатковага рашэньня. «А калі патрэбна, потым мы падключым прэзыдэнта Вэнэсуэлы», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША затрымалі каля Вэнэсуэлы танкер іранскага ценявога флёту