Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м

Сьцісла

  • У 2026 годзе Беларусь павінна выплаціць па замежных даўгах рэкордную суму 8 мільярдаў даляраў.
  • Уладам стала відавочна, што буйны рост эканомікі на ўзроўні 2023–2024 гадоў падтрымоўваць больш ня ўдасца.
  • У другой палове году эканоміка фактычна адаптуецца да будучай стагнацыі.
  • Паводле апытаньняў, эканамічнае самаадчуваньне беларусаў застаецца на досыць высокім пазытыўным узроўні.
Свабода папрасіла беларускіх эканамістаў прааналізаваць эканамічныя вынікі году. Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Зьміцер Крук і эканамічны аглядальнік, вядоўца праграмы «Оптимум» на YouTube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі вылучылі некалькі найважнейшых тэндэнцыяў.

Тэндэнцыя 1. Вялізнае адмоўнае сальда замежнага гандлю

Андрэй Махоўскі: Галоўнай тэндэнцыяй году я б назваў рэзкае пагаршэньне балянсу замежнага гандлю. У выніку першых 10 месяцаў году адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі складае 5,2 мільярда даляраў — гэта рэкордная для апошніх гадоў сума.

Андрэй Махоўскі

Галоўны спад назіраецца ў прамысловасьці. Беларускія «гіганты», як сьведчыць Міністэрства прамысловасьці, правалілі ўсе пляны вытворчасьці й экспарту сваёй прадукцыі. Напрыклад, Беларускі мэталюргічны завод прадаў на экспарт у 6 разоў менш заплянаванага.

Аб прычынах гэтага спаду незалежныя эканамісты гаварылі яшчэ на пачатку году. Гэта пагаршэньне стану расейскай эканомікі, якое ідзе хутчэй, чым чакалася. Цяпер мы глядзім на афіцыйную статыстыку і бачым, што тыя «нядобрыя людзі», якія прадказвалі праблемы, былі яшчэ аптымістамі.

Дэфіцыт расейскага бюджэту, падзеньне цэнаў на нафту і ў цэлым пагаршэньне тэмпаў эканамічнага росту спрычыніліся да таго, што расейцы сталі закупляць менш беларускай прадукцыі. Яны ўвогуле сталі купляць менш імпартнай прадукцыі, але калі для Кітаю ці Турэччыны гэта ня так балюча, то для Беларусі — моцны ўдар, бо звыш 60 працэнтаў беларускага экспарту ідзе ў Расею.

Зьміцер Крук: Самая гучная тэндэнцыя году — нэгатыўнае сальда замежнага гандлёвага балянсу. 2023–2024 гады для Беларусі былі ў гэтым сэнсе неўласьцівыя, назіралася перавышэньне экспарту над імпартам. У 2025-м усё вярнулася ў «гістарычную норму», зноў маем дэфіцыт замежнага гандлю.

Зьміцер Крук

Станоўчы балянс замежнага гандлю даваў магчымасьць падштурхоўваць рост, стымуляваць унутраны попыт. Цяперашняя сытуацыя — ня толькі праблема сама ў сабе, яна фактычна парушае ўвесь мэханізм, увесь той картачны домік, які выбудоўвалі для росту апошніх гадоў.

Тэндэнцыя 2. Пагаршэньне умоваў гэтага так званага сацыяльнага кантракту

Андрэй Махоўскі: На фоне праблемаў з ростам эканомікі ўлады ўсё актыўней задумваюцца, дзе можна сабраць грошы з насельніцтва. Тут і падвышэньне пэўых падаткаў, розных выплатаў, рост цэнаў на камунальныя паслугі, зьдзіраньне трох скураў з так званых «дармаедаў» і іхных сваякоў. З улікам таго, што ў «дармаеды» яны запісваюць усіх, хто вымушаны быў зьехаць, — то гэта сотні тысячаў грамадзянаў і іхныя сем’і.

Склалася даволі дзіўная сытуацыя, калі эканоміка нібыта расьце, а фінансы прадпрыемстваў не паляпшаюцца

Усё часьцей у прапагандзе гучыць, што беларусы занадта шмат «жуюць», і мэдыцына занадта бясплатная, і адукацыя. Важная лічба: у 2026 годзе Беларусь павінна выплаціць па замежных даўгах 8 мільярдаў даляраў, гэта рэкордная сума за ўсю гісторыю незалежнасьці краіны. Натуральна, што большую частку гэтай сумы Беларусь вінаватая Расеі, і Менск будзе, як звычайна, спрабаваць перанесьці вяртаньне грошай на іншыя гады. Так было заўсёды: бралі новы крэдыт, каб пагасіць стары. Але ці будзе гэта й надалей трываць Расея з улікам яе ўласных праблемаў, незразумела.

Нацыянальны банк ужо заявіў, што налета давядзецца траціць золатавалютныя рэзэрвы на раздачу даўгоў — такога ўжо не было шмат гадоў.

Зьміцер Крук: Расьце інфляцыя. Нейкіх зусім страшных лічбаў тут няма, але тым ня менш інфляцыйны ціск даволі істотна адчуваецца. Застаецца «інфляцыйная навісь», то бок патэнцыйная інфляцыя, якую стрымлівае дзяржаўнае рэгуляваньне. Пагоршыліся фінансы прадпрыемстваў. Склалася даволі дзіўная сытуацыя, калі эканоміка нібыта расьце, а фінансы прадпрыемстваў не паляпшаюцца. І гэта адбітак таго, што штучна стрымліваюць рост цэнаў, адпаведна цяжар перакладваюць на прадпрыемствы, а гэта міна запаволенага дзеяньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барацьба з дармаедамі: для Лукашэнкі ідэальнае грамадзтва, дзе ўсе без выключэньня працуюць, — Кавалкін

Тэндэнцыя 3. Зьмены на рынку працы

Андрэй Махоўскі: Я б таксама хацеў адзначыць тэндэнцыю, пакуль што невідавочную, але яна ўжо ёсьць. Пачынаючы з 2021 году, у Беларусі ўвесь час павялічваўся дэфіцыт працоўных кадраў. Аднак сёлета зазначыўся пэўны разварот у процілеглым кірунку — дэфіцыт кадраў недзе зь сярэдзіны году пачаў скарачацца. Было каля 200 тысяч працоўных вакансіяў на рынку працы, а цяпер толькі 170 тысяч. Улады, здаецца, гэтага яшчэ не зразумелі і не заўважылі.

Улады, здаецца, яшчэ не зразумелі, што недзе зь сярэдзіны году дэфіцыт кадраўпачаў скарачацца

Адбываецца гэта з прычыны спаду вытворчасьці ў прамысловасьці, якое назіраецца ў другой палове гэтага году. Вытворчасьць расла ў пачатку году, а потым Расея стала закупляць менш беларускай прадукцыі, і празь некалькі месяцаў беларускія прадпрыемствы пачалі скарачаць вытворчасьць, што актыўна назіраецца апошнімі месяцамі. Адпаведна, беларускім заводам ужо ня трэба наймаць столькі новых людзей, колькі ім было патрэбна раней.

Зьміцер Крук: Захаваньне інэрцыі 2023–2024 гадоў на рынку працы, буйны рост заробкаў. Тое, што гэта адбываецца даволі працяглы час, — моцная адметнасьць у эканамічнай гісторыі Беларусі. Заробкі самі па сабе ў рэальным вымярэньні працягвалі расьці і ў 2025-м годзе, хоць ужо і не такімі тэмпамі.

Паводле апытаньняў, эканамічнае самаадчуваньне беларусаў застаецца на досыць высокім узроўні. Апошнія два кварталы году павольна адбываецца пэўны нэгатыўны разварот, але ў першай палове году беларусы пакуль яшчэ былі на хвалі спажывецкага аптымізму.

Патэнцыйна разварот на рынку працы, аднак, ужо намацоўваецца. Хоць у 2025-м яшчэ панаваў недахоп кадраў, паказьнік беспрацоўя заставаўся на гістарычным мінімуме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка і ягоныя цэрбэры разумеюць толькі матывацыю „па мордзе“ і 15 сутак». Эканаміст Раманчук пра цэны на камунальныя паслугі

4. «Новы інвэстыцыйны цыкль»

Зьміцер Крук: Адбыўся экспэрымэнт з напампоўваньнем інвэстыцыяў — ці быў ён удалым для ўладаў? З аднаго боку, насамрэч змаглі ўпершыню за некалькі гадоў падштурхнуць інвэстыцыйны рост — у значнай ступені адміністрацыйным чынам.

Але зь іншага боку адыграць у макраэканамічным маштабе тую ролю, якую плянавалі ўлады, гэты штучны інвэстыцыйны бум ня здолеў. Улады назвалі гэта «новым інвэстыцыйным цыклем». Нібыта часткова яго запусьціць удалося, але вынікі далёка ня тыя з гледзішча эканамічнага эфэкту, на які разьлічвалі.

5. Эканамічны рэалізм, адаптацыя да стагнацыі

Зьміцер Крук: Тэндэнцыя — захаваньне бюджэту ў прымальным стане. Статыстыку ўжо яны не публікуюць у нармальным рэжыме, але зь вялікай імавернасьцю ў выніку 2025 году бюджэт будзе ці каля нуля, ці зноў зь нейкім прафіцытам. Выглядае, што тыя захады з Расеяй — перш за ўсё так званы зваротны акцыз (мэханізм, паводле якога Беларусь фактычна вяртае сабе частку акцызных даходаў з расейскай нафты і нафтапрадуктаў празь міждзяржаўныя дамоўленасьці з Расеяй. — РС) — падсілкоўваюць бюджэт і даюць пэўны плён у кароткатэрміновай пэрспэктыве.

Здаецца, сёлета уладам стала відавочна, што буйны рост эканомікі ўзроўню 2023–2024 гадоў падтрымоўваць больш не ўдасца. Таму, як мне здаецца, ідзе паступовая пераарыентацыя ў макраэканамічных прыярытэтах. Калі ў 2023 годзе ўлады біліся за кожную долю працэнту ў тэмпах росту, то цяпер ідзе адаптацыя да рэальнасьці нізкага росту. Зьявілася разуменьне, што далей гнаць вал будзе праблематычна. Таму яны становяцца больш сьціплымі ў амбіцыях і ў другой палове году адбываецца адаптаваньне да фактычна стагнацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бюджэт-2026 сьведчыць пра намер Лукашэнкі ваяваць? Адказвае эканаміст Зьміцер Крук