Прэзыдэнт Літвы падпісаў папраўкі, якія ўзмацнілі пакараньне за кантрабанду

Кантрабандыстам цяпер будзе пагражаць зьняволеньне ад 4 гадоў

У панядзелак прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў прынятыя парлямэнтам папраўкі да Крымінальнага кодэксу і Закону аб крымінальнай разьведцы, якія ўзмацняюць адказнасьць за кантрабанду.

Цяпер перавозка кантрабанды небясьпечным спосабам будзе лічыцца цяжкім крымінальным злачынствам,

  • калі яна ўяўляе рэальную пагрозу жыцьцю, здароўю людзей або дзейнасьці прадпрыемства, важнага для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі,
  • калі такая перавозка парушае бясьпечны транспартны рух,
  • калі прычыняе значную маёмасную шкоду.

Крымінальная адказнасьць будзе распаўсюджвацца на перавозку кантрабанды любой вартасьці.

Да гэтага часу за такія дзеяньні прадугледжвалася адміністрацыйная адказнасьць.

Паводле Наўседы, гэта дапаможа літоўскім праваахоўным органам дзейнічаць больш эфэктыўна для прадухіленьня гібрыднай атакі з выкарыстаньнем мэтэаралягічных шароў з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць палёты паветраных балёнаў у Літву

Папраўкі былі прынятыя ў паскораным парадку. Паводле іх,

  • за кантрабанду цыгарэтаў і іншых падакцызных і небясьпечных рэчаў і рэчываў будзе пагражаць ад 4 да 8 гадоў зьняволеньня;
  • за кантрабанду зброі — ад 6 да 10 гадоў;
  • наркатычнай сыравіны — ад 4 да 12.

Папраўкі ў Літве падрыхтавалі пасьля таго, як палёты кантрабандысцкіх шароў зь Беларусі сталі ўсё часьцей парушаць працу аэрапортаў Вільні і Коўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву