Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы

Алесь Бяляцкі, Сьвятлана Ціханоўская, Гітанас Наўседа

Кіраўнік і заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна» быў вызвалены з турмы ў рамках пагадненьня пасьля прыезду амэрыканскай дэлегацыі ў Менск.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэў Алеся Бяляцкага і павіншаваў яго з выхадам на волю.

«Мы зь вялікай палёгкай успрынялі навіну аб тым, што пасьля многіх гадоў несправядлівага зьняволеньня вы нарэшце на волі. Ваша вытрымка, маральная сіла і нязьменная адданасьць чалавечай годнасьці — нават у самую змрочную часіну — натхняюць усіх нас», — сказаў Наўседа.

Пра сустрэчу паведаміла канцылярыя Наўседы.

Літоўскі палітык адзначыў, што Літва заўсёды падтрымлівала і будзе працягваць падтрымліваць намаганьні Злучаных Штатаў Амэрыкі ў вызваленьні ўсіх беларускіх палітычных зьняволеных.

«Разам мы пасьлядоўна падкрэсьліваем, што рэжым Лукашэнкі павінен спыніць усе палітычныя рэпрэсіі і не пачынаць новых, што ў Беларусі павінны адбыцца дэмакратычныя, свабодныя і справядлівыя выбары, і што любая падтрымка рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны павінна быць спыненая», — сказаў прэзыдэнт Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны праявілі надзвычайную мужнасьць». Эўрапейскія палітыкі і праваабаронцы рэагуюць на вызваленьне беларускіх палітвязьняў

62-гадовы палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі — адзін са 123 палітвязьняў, якіх 13 сьнежня выпусьцілі на волю і прымусова вывезьлі зь Беларусі.

Бяляцкі паведаміў, што ўсю дарогу з калёніі да мяжы ў яго былі завязаныя вочы, а пашпарт яму аддалі ўжо ў Вільні. Ніякай заявы пра памілаваньне на імя Лукашэнкі Бяляцкі не пісаў.

Старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» затрымалі ў ліпені 2021 году і ў 2023 годзе асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Бяляцкі адбываў пакараньне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці.

7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі ўпершыню за тры гады сустрэўся з жонкай. ВІДЭА