BelPol: у Бэрліне правяраюць датычнасьць экс-супрацоўніка калёніі ў Беларусі да злачынстваў супраць чалавечнасьці

Бабруйская калёнія, дзе працаваў Дзьмітрый Шынвізэ. Архіўнае фота

Арганізацыя былых сілавікоў Беларусі BelPol атрымала афіцыйны адказ Міністэрства юстыцыі Нямеччыны ў справе Дзьмітрыя «Рудольфа» Шынвізэ, колішняга начальніка апэратыўна-рэжымнай часткі калёніі № 2 у Бабруйску, вядомага сваёй жорсткасьцю і датычнасьцю да катаваньняў палітзьняволеных.

Ён рэпатрыяваўся ў Нямеччыну і атрымаў грамадзянства гэтай краіны празь нямецкія карані свайго бацькі Рудольфа Шынвізэ.

«У сваім лісьце Фэдэральнае міністэрства юстыцыі Нямеччыны паведаміла, што матэрыялы звароту перадалі Фэдэральнаму ведамству крымінальнай паліцыі. Цяпер ведамства праводзіць праверку і расьсьледуе магчымую датычнасьць Шынвізэ да злачынстваў супраць чалавечнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

BelPol накіраваў усе дакумэнты і кантакты грамадзян, якія пацярпелі ад дзеяньняў Дзьмітрыя Шынвізэ, а таксама заклікаў усіх пацярпелых надаць дадатковую інфармацыю для апэратыўнага дакумэнтаваньня фактаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, якую можна будзе выкарыстаць у расьсьледаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Жыгар: «Мы робім усё, каб Шынвізэ быў прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасьці»

Раней у арганізацыі пацьвердзілі, што Дзьмітрый Шынвізэ атрымаў грамадзянства Нямеччыны. На тэрыторыю Эўразьвязу ён трапіў на падставе аднаразовай візы і потым у паліцыі атрымаў пашпарт грамадзяніна Нямеччыны.

У Бабруйскай калёніі, дзе працаваў Дзьмітрый Шынвізэ, сядзеў палітвязень Ігар Леднік, якому не аказалі належную мэдычную дапамогу і ён памёр, там сядзелі палітвязьні Юрась Зянковіч, Эдуард Бабарыка. У калёніі № 2 у Бабруйску першы тэрмін адбываў нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бунт у 2020-м, уцёкі зьняволеных. Расказваем пра Бабруйскую калёнію № 2