Найбольш неадназначна беларускія карыстальнікі фэйсбуку паставіліся да выказваньняў на прэс-канфэрэнцыі ў Чарнігаве Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай , якія не змаглі наўпрост назваць вінаватых у вайне і падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў.
Былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч, якога самога вывезьлі 11 верасьня ў Літву, сярод іншага напісаў у Фэсубуку:
«Часам лепей жаваць, чым гаварыць. Я не пайшоў на прэс-канфэрэнцыю на наступны дзень пасьля дэпартацыі, мяркуючы, што не на ўсе пытаньні трэба адказваць, не зарыентаваўшыся ў сытуацыі. 4 гады ў ізаляцыі гэта ня жарты. На пытаньні трэба адказваць, а ня ўвільваць. На некаторыя пытаньні трэба адказваць катэгарычна, ня ўвільваючы. Хто агрэсар. Чый Крым. Хто вораг. Хто сябар. Яшчэ некаторыя.
Але сытуацыя за 5 гадоў моцна зьмянілася. І неэтычна задаваць вязьням, якія выйшлі ўчора, пытаньні пра сытуацыю. І на такія пытаньні ім ня трэба адказваць. Іншая рэч перакананьні. Яны могуць быць пазасытуацыйнымі. За перакананьні людзей ня трэба лаяць. Перакананьні трэба проста ўлічваць. І, улічваючы, вырашаць, супрацоўнічаць зь людзьмі тых ці іншых перакананьняў ці не. Не дык не. А калі так, то ў чым менавіта і як».
Юлія Чарняўская лічыць, што «прэс-канфэрэнцыі людзей, якія ўчора выйшлі, адседзеўшы гады і гады, асабліва ў інкамунікада, амаральныя».
Стась Карпаў піша, што Бабарыка быў бы добрым прэзыдэнтам у 2020-м, але не цяпер:
«Калі б я мог выбіраць у 2025-м, я б ні за што не прагаласаваў за людзей, якія, седзячы пасярод Украіны, ня могуць назваць вайну вайной і злачынца злачынцам. Я ня згодны з тымі, хто лічыць, што чалавек пасьля зьняволеньня ня ў стане даваць інтэрвію. Па-першае, гэта не прымусовы акт. Людзі маглі адмовіцца і ў нашым выпадку — лепей бы яны так і зрабілі. Па-другое (я адмыслова цікавіўся пра рэжым інкамунікада), у зоне ведаюць усё. Людзі сустракаюцца з блізкімі, навіны перадаюцца, навіны абмяркоўваюцца. За 5 гадоў не пачуць пра Бучу? Не даведацца, хто на каго напаў?.. Па факце мы ўбачылі канфэрэнцыю ня толькі беларускага вызваленага супраціву, але і прэсуху „харошых рускіх“».
Настасься Роўда найперш дзякуе ўкраінцам, што прынялі беларускіх палітвязняў, што арганізавалі прэс-канферэнцыю і далі магчымасць іх пачуць.
«А зь іншага боку — як жа шкада, што гэта не была прэс-канфэрэнцыя для беларусаў. Чакаю яшчэ адну, бо столькі пытанняў засталося. І спадзяюся, што ўсім ім у хуткім часе нарэшце дадуць магчымасьць выйсці з інфармацыйнага вакуўму, які цягнуўся гадамі. Давайце дачакаемся гэтага моманту, перш чым рабіць высновы. Ну а ўсмешка Машы натхняе, вядома!»
Былы палітвязень Ігар Лосік згадвае свой турэмны досьвед:
«Нават у рэжыме інкамунікада былі розныя шляхі даведвацца пра падзеі вайны ва Ўкраіне, і пасьля вызваленьня ўсе, з кім я размаўляў, зьдзіўляліся, адкуль я амаль усё ведаю. Бо зьняволеныя на лягеры толькі гэтымі навінамі і жылі і дзяліліся адны з адным. А гледзячы БТ, проста ўключалі крытычнае мысленьне і рабілі правільныя высновы. Гэта ведае нават немаўля.
Але погляды, чый Крым і хто агрэсар, у мяне сфармаваліся не пасьля вайны і не пасьля таго, як мае ўкраінскія сваякі пайшлі ваяваць добраахвотнікамі з самага пачатку і загінулі там ад пуцінскіх войскаў. Мне здаецца, кожны дарослы і разумны чалавек павінен быў вызначыцца яшчэ ў 2014 годзе, калі Пуцін акупаваў Крым і Данбас і зьбіў малайзійскі „Боінг“. Дзіўна ў 2025 годзе, нават улічваючы шмат гадоў адседкі, не змагчы адказаць на гэтыя простыя пытанні».
Аляксандар Кныровіч, бізнэсоўца і палітэмігрант, у сваіх развагах таксама зьвяртаецца да падзеяў 2020 году.
«2020-ы не 2025-ы, і наадварот. З намі размаўляюць „госьці з мінулага“, такія, якімі мы былі пяць гадоў таму. Гэтыя людзі яшчэ ўчора з раніцы сьнедалі турэмнай баландой і правялі ў ізаляцыі, ва ўмовах катаваньняў большую частку гэтых гадоў... Мы ж з вамі ўжо бачылі Ціханоўскага, які заклікае здымаць маскі і зьбіраецца нанесьці „рашучы ўдар па рэжыме“ сіламі пяці новых ютуб-каналаў? Ну бачылі ж, памятаеце? Дайце людзям дыхаць. Пакуль ім больш патрэбная наша любоў і прыняцьце, а ня іхная „пазыцыя ў пытаньні...“ Давайце пакуль проста цешыцца, што яны — жывыя, на волі і ня страцілі ўласных душэўных якасьцяў — веры, інтэлігентнасьці, прыгажосьці вонкавай і ўнутранай».
Былы палітзьняволены Тарас Аватараў называе прэсавую канфэрэнцыю правалам:
«Карацей, правал. Лабковіч, Бабарыка, Калесьнікава — і ніводнага прамога адказу. Хто на каго напаў? Маўчаньне. Ці падтрымліваюць беларускіх добраахвотнікаў? Зноў туман. Замест пазыцыі — „неадназначна“. Замест адказнасьці — „мы за мір“. Словы, якімі прыкрываюць страх назваць рэчы сваімі імёнамі. Пасьля такога робіцца зразумела: у палітыцы будучыні ім рабіць няма чаго. Не таму, што дрэнныя. А таму, што не вытрымліваюць момант, калі трэба гаварыць проста і ўголас».
Былы палітзьняволены, анархіст Мікола Дзядок піша:
«Адзіная рэч, вакол якой не гатовыя бясконца сварыцца прадэмакратычныя беларусы, — гэта безумоўная падтрымка Ўкраіны. Любы палітык ці лідэр думак, які не падзяляе гэтую плятформу, вельмі хутка перастане быць і палітыкам і лідэрам думак. Прашу ўкраінскіх сяброў таксама гэта цьвёрда разумець».
Рэжысэр і драматург Мікалай Халезін піша ў фэйсбуку, што ён ня ўзрушаны прэс-канфэрэнцыяй, спакойны, і тлумачыць чаму:
«Бо я цяпер ведаю — кожны чалавек, які адседзеў пяць гадоў інкамунікада, будзе прамаўляць тое, чаго ад яго чуць не жадаюць. І зразумеў яшчэ адно — кожны вядомы чалавек, які адседзеў пяць гадоў інкамунікада і які выйшаў на волю, ня зможа адмовіць арганізатарам у сваім удзеле ў прэс-канфэрэнцыі.
Чаму ён гэта прамаўляе і чаму не адмаўляецца да пары ад зносін з аўдыторыяй? Ды проста таму, што думае, што ягонага інтэлекту і такту хопіць для таго, каб вымавіць „правільныя рэчы“. І ён ня ведае, ды і ведаючы, ніколі не прызнаецца сабе ў тым, што яго навык зносінаў з аўдыторыяй страчаны з аб’ектыўных прычынаў. Напрыклад, з прычыны таго, што сьвет мяняецца зараз вельмі хутка, і тое, што пяць гадоў таму яшчэ было „нарм“, ужо некалькі гадоў як сорамна».
Кацярына Марголіс у камэнтарах на гэты пост Халезіна дадае:
«Колькі разоў ужо казалі: ня стаўце людзей, якія прасядзелі гадамі ў пякельных умовах і ў інфармацыйным вакуўме ў публічнае поле; не выводзьце іх да журналістаў, не бярыце камэнтары. Дайце прайсьці рэабілітацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая прэс-канфэрэнцыя вызваленых палітзьняволеных прайшла ва Ўкраіне. ПОЎНАЕ ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікае вызваленьне палітвязьняў. Спэцэфір з Прагі і стрым Свабоды зь Вільні