«Нашай мэтай застаецца вызваленьне ўсіх, хто застаецца пад вартай з палітычных матываў», — адзначыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны Ёхан Вадэфуль, перадае «Позірк».
«Мы вітаем вызваленьне больш як 100 палітвязьняў, у тым ліку Марыі Калесьнікавай, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага і Максіма Знака, і радуемся разам зь імі і іх семʼямі. Мы дзякуем ураду ЗША за прыкладзеныя намаганьні. Мы працягваем выступаць за вызваленьне ўсіх палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве амбасады Нямеччыны ў Менску.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц павітаў вызваленьне групы беларускіх палітвязьняў.
«Гэтая навіна зь Беларусі напаўняе мяне радасьцю: вызваленьне Марыі Калесьнікавай, Алеся Бяляцкага і іншых палітвязьняў даўно насьпела і зьяўляецца посьпехам для мужнай грамадзянскай супольнасьці, якая змагаецца за свабоду і грамадзянскія правы. Мы на яе баку», — напісаў канцлер у «Х».
Вялікая Брытанія працягне настойваць на неадкладным і безумоўным вызваленьні ўсіх палітвязьняў і захаваньні правоў чалавека ў Беларусі, заявіла кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства Івэт Купэр.
Яна вітала вызваленьне новай групы палітвязьняў, адзначыўшы намаганьні спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Злучаных Штатаў агулам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сьпіс з прозьвішчамі 121 вызваленагаНамаганьні Дональда Трампа па вызваленьні беларускіх палітвязьняў
5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні.
Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».
Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».
Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».
Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.
Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі ўпершыню за тры гады сустрэўся з жонкай. ВІДЭА