Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць палёты паветраных балёнаў у Літву

Балён з кантрабандай, які прызямліўся ў Літве ў кастрычніку 2025

Пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл заявіў у суботу, што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў спыніць палёты метэаралягічных балёнаў зь Беларусі ў Літву.

«Нядаўна ён пагадзіўся зрабіць усё магчымае, каб спыніць запуск паветраных балёнаў», — цытуе Джона Коўла агенцтва Reuters.

Праз палёты гэтых шароў неаднаразова закрывалі аэрапорты Вільні і Коўна. Літва лічыць палёты гібрыднымі атакамі з боку Беларусі і абвясціла ў сувязі з гэтым «экстрэмальнае становішча».

«Я лічу, што прэзыдэнт Беларусі шчыра спрабуе супакоіць сытуацыю. Я думаю, што гэта зойме некаторы час, але я думаю, што гэта можна вырашыць. Ён хоча нармальных адносін са сваімі суседзямі — так ён мяне запэўнівае», — сказаў Коўл.

«Я ведаю, што Літва зрабіла ўсё магчымае, каб спыніць атрымальнікаў цыгарэт ці чаго там яшчэ. Таму я думаю, што абодва бакі працуюць», — дадаў ён.

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 1 сьнежня назвала ўварваньні паветраных шароў «гібрыднай атакай» з боку Беларусі, што, паводле яе, «абсалютна непрымальна».

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Большасьць зь іх вывезьлі ва Ўкраіну.

У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сьпіс з прозьвішчамі 121 вызваленага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Коўл: Магчыма, празь некалькі месяцаў мы вызвалім 1000 чалавек