Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х:
«Я вітаю сёньняшняе вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Марыі Калесьнікавай і грамадзян ЭЗ.
Гэта разьвіцьцё падзей павінна ўмацаваць нашу рашучасьць. Рашучасьць працягваць змагацца за ўсіх астатніх зьняволеных, якія засталіся за кратамі ў Беларусі, таму што яны мелі мужнасьць сказаць праўду ўладзе.
Барацьба за правы чалавека і справядлівасьць у Беларусі павінна працягвацца. Пакуль не ператворацца ў жыцьцё дэмакратычныя памкненьні беларускага народу».
Гітанас Наўседа, прэзыдэнт Літвы, куды вывезьлі 9 з вызваленых палітвязьняў, напісаў на сваёй старонцы ў Х:
«Я вітаю вызваленьне 123 палітычных зьняволеных зь Беларусі. Сярод іх ёсьць адважныя галасы, якія выступаюць за дэмакратыю: Марыя Калесьнікава і Алесь Бяляцкі. Яны праявілі надзвычайную мужнасьць. Жадаю ім сілы, каб яны зноў аб'ядналіся са сваімі семʼямі. Літва падтрымлівае іх і ўсіх, хто імкнецца да свабоды».
Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт выказаў «глыбокую палёгку і шчырую радасьць» з нагоды вызваленьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага з турмы ў Беларусі, гаворыцца ў заяве, агучанай у суботу, якую цытуе агенцтва Reuters.
«Яго вызваленьне – гэта вельмі жаданы і доўгачаканы момант... Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт заклікае ўлады Беларусі вызваліць усіх палітычных зьняволеных і гарантаваць Алесю Бяляцкаму і іншым праваабаронцам магчымасьць свабодна жыць і працаваць, не баючыся новага перасьледу».
Ален Бэрсэ, генэральны сакратар Рады Эўропы, напісаў у Х:
«Я вітаю вызваленьне Алеся Бяляцкага і Марыі Калесьнікавай з-пад варты ў Беларусі. Абое ёсьць рашучымі прыхільнікамі правоў чалавека і дэмакратыі ў сваёй краіне. Рада Эўропы будзе працягваць працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі».
Тэадорас Русопулас, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, напісаў у Х:
«Вельмі рады даведацца, што ляўрэаты Прэміі Вацлава Гаўла Марыя Калесьнікава і Алесь Бяляцкі толькі што былі вызваленыя з турмы разам са 121 іншымі палітычнымі зьняволенымі! Гэта сапраўды цудоўная навіна ў канцы года, поўнага выклікаў і праблем!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сьпіс з прозьвішчамі 121 вызваленага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Коўл: Магчыма, празь некалькі месяцаў мы вызвалім 1000 чалавек