Як заўважыла выданьне «Люстэрка», 13 сьнежня сайты крыптабіржаў Bybit, BingX, Bitget, Okx ужо адсутнічаюць у сьпісе абмежаванага доступу, які вядзе Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па па наглядзе за электрасувязьзю «БелДІЭ».
Заблякаваным застаецца сайт бота Smart Mining. Аднак доступ да яго абмежавалі 5 сьнежня на «падставе прадстаўленьня Сьледчага камітэту».
Крыптабіржай лічыцца онлайн-плятформа, дзе людзі купляюць, прадаюць і абменьваюць паміж сабой крыптавалюту. Яна выглядае як звычайная біржа ці абменьнік, працуе ў лічбавым рэжыме. Крыптабіржа злучае тых, хто хоча купіць крыптавалюту і яе прадаць.
Згодна з парадкам абмежаваньня і аднаўленьня доступу да інтэрнэту і паслуг электрасувязі, які зацьвердзіў урад у верасьні, абмежаваньне доступу да інтэрнэту адбываецца на падставе адпаведных зваротаў генэральнага пракурора, кіраўніка Сьледчага камітэту, старшыні КДБ, міністра ўнутраных спраў або іншых упаўнаважаных і адказных асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўрад зацьвердзіў парадак абмежаваньня сілавымі органамі доступу да мабільнай сувязі і інтэрнэтуГэтыя звароты мусяць утрымліваць зьвесткі аб матэрыялах праверкі ці крымінальнай справе, падставы для абмежаваньня доступу, а таксама ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурса і сеткавы порт, які таксама будуць блякаваць.
Праінфармаваць уласьніка аб абмежавальных захадах мусіць Дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Доступ да сайтаў абмяжоўваюць у дзень атрыманьня звароту сілавых органаў. Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павіны заблякаваць рэсурсы цягам чатырох гадзін пасьля інфармацыі Дзяржаўнай інспэкцыі.
У той жа час парадак прадугледжвае і працэдуру аднаўленьня доступу, калі ўласьнік рэсурсу выправіць парушэньні, якія сталі прычынай яго блякаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заблякавалі доступ да сайтаў некалькіх крыптабіржаў. Міністэрства інфармацыі назвала прычыну