У Беларусі за апошнія тры дні тэмпэратура паветра пабіла рэкорд 80-гадовай даўніны

Фота ілюстрацыйнае

У Беларусі трэці дзень запар мэтэастанцыі фіксуюць рэкорды цяпла, але на выходныя прагназуюць істотнае пахаладаньне.

Як паведаміла выданьне «Позірк», 11 сьнежня на 36 з 48 мэтэастанцыяў, архіў назіраньняў на якіх даступны, абнавіліся гістарычныя максымумы. Пры гэтым да паўтарэньня абсалютнага рэкорду для ўсёй тэрыторыі краіны (+11°С у Пінску ў 1944 годзе) не хапіла ўсяго 0,1 градуса.

У Высокім на захадзе Берасьцейскай вобласьці было цяплей за ўсё: +10,9°С (ранейшы лякальны экстрэмум быў +9,3°С у 2016 годзе).

Найстарэйшы перапісаны рэкорд пратрымаўся 81 год: у Слуцку паветра прагрэлася да 9,8 градуса, што на 0,6° вышэй за максымум, адзначаны 11 сьнежня 1944 году.

12 перакрытых у мінулыя содні рэкордаў былі зарэгістраваныя 65 гадоў таму.

Белгідрамэт папярэдзіў, што на 12 сьнежня ў краіне абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі праз моцны парывісты вецер, які захаваецца да канца дня, а 13 сьнежня на дарогах Беларусі і ў Менску прагназуюць галалёд.

Згодна з прагнозам надвор’я, у ночы на 13 і на 14 сьнежня істотна пахаладае — тэмпэратура паветра будзе ад 2 да 9 градусаў марозу, і толькі ў паўднёва-заходніх рэгіёнах захаваецца плюсавая тэмпэратура — уначы будзе ад −1°С да +4°С, а ўдзень месцамі паветра прагрэецца да +6 градусаў.

Уначы 13 сьнежня прагназуюць невялікія ападкі мокрага сьнегу і дажджу.

У ноч на 15 сьнежня тэмпэратура зьнізіцца да −1...−8°С, на паўночным усходзе месцамі да −12°С, пры гэтым на захадзе будзе 0...+4°С, а дзённыя максымумы будуць вагацца ад −3°С у паўночна-ўсходніх раёнах да +7°С у паўднёва-заходніх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зіма адкладаецца: на наступным тыдні ў Беларусі будзе цяплей, чым звычайна