Беларусы змогуць у 2026 годзе бязмытна ўвезьці 20 тысяч электрамабіляў, але зарадных станцый бракуе

Электрамабіль на зарадцы. Архіўнае фота

Такую льготу надаў Беларусі Эўразійскі міжурадавы савет, у які ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС.

Такую льготу надаў Беларусі Эўразійскі міжурадавы савет, у які ўваходзяць кіраўнікі ўрадаў краін ЭАЭС (краіны-чальцы ЭАЭС: Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргызсстан, Расея).

«На пасяджэньні Эўразійскага міжурадавага савета кіраўнікі ўрадаў краін Эўразійскага эканамічнага саюза дамовіліся прадставіць тарыфную льготу ў выглядзе вызваленьня ад выплаты мытнай пошліны ў адносінах да электрамабіляў, што ўвозяцца ў шэраг дзяржаў-чальцоў у 2026 годзе».

Рашэньне датычыцца „чыстых электрычак“, якія ўвозяцца ў Беларусь у колькасьці 20 тысяч штук, а таксама „чыстых электрычак“ і „пасьлядоўных гібрыдаў“ Кыргызстан у колькасьці 15 тысяч штук, — гаворыцца ў паведамленьні міжурадавага савета.

Вызваленьне ад выплаты мытаў прадстаўляецца толькі грамадзянам, якія стала пражываюць у Армэніі, Беларусі і Кыргызстане. Пры гэтым не дапускаецца перадача правоў валоданьня, карыстаньня і распараджэньня электрамабілямі асобам, якія маюць грамадзянства і (або) пастаяннае месца жыхарства ў Казахстане або Расеі. У выпадку з «пасьлядоўнымі гібрыдамі» забарона таксама тычыцца перадачы правоў асобам, якія маюць грамадзянства і (або) пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі.

Беларусь значна адстае па электрамабільнасьці — электрамабілі людзі купляюць, але зарадных станцый мала.

Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, цяпер у Беларусі зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцый. На Беларусі не хапае зарадных станцый, асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыходзіцца 23,5 аўтамабіля.

У Польшчы супастаўная колькасьць электрамабіляў — як паведамляе польскае выданьне Motofakty.pl, іх 102,4 тысячы. Але станцый зарадкі ў Польшчы значна больш — 11173. Як паведаміла гэтае выданьне, Польшча дасягнула па колькасьці электрычных аўто на адну зарадную станцыю ўзроўню Бэльгіі — 9 аўто на станцыю — і зьяўляецца лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў пра выяўленую хабарніцкую схему пры распрацоўцы беларускага электрамабіля

«Белтэхагляд», за 2024 год выдаў 14.416 дазволаў на электрамабілі.

22 кастрычніка 2021 года Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, увязаўшы гэта з запускам Беларускай АЭС і тым, што «ужо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам». Месяцам пазьней ён падпісаў указ аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.

27 ліпеня 2022 года першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады на заводзе «БелДжы» заявіў, што ў Беларусі да 2025-га «павінны максымальна асвоіць камплектную базу ўласнага электрааўтамабіля».

Раней прадстаўнікі НАН неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасьля ўзоры мелі абмежаваную ступень лякалізацыі. Навукоўцы ня раз заяўлялі пра складанасьць арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спэцыфіку вырабу батарэй, адсутнасьць лініі вытворчасьці кузаваў і інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Электракары падаражэюць, сярод новых машын пераважаюць кітайскія маркі беларускай зборкі. Што з аўтарынкам у Беларусі