У Баўгарыі на тле пратэстаў падаў у адстаўку ўрад

Your browser doesn’t support HTML5

У Баўгарыі падаў у адстаўку ўрад Росэна Жалязкава. Прэмʼер-міністар абвясьціў пра гэта на пазачарговым брыфінгу 11 сьнежня. Адстаўка адбылася на фоне шматтысячных пратэстаў, якія прайшлі па ўсёй краіне за апошнія два тыдні.

«Іх патрабаваньні — адстаўка ўраду. І маладыя, і старыя, людзі розных этнічных груп, розных рэлігій паднялі свае галасы за адстаўку, таму гэтую грамадзянскую энэргію трэба падтрымліваць, трэба заахвочваць», — сказаў Жалязкаў.

Пратэсты былі выкліканыя праектам бюджэту на 2026 год, прапанаваным у лістападзе. Ён уключаў падвышэньне падаткаў і платы на сацыяльнае забесьпячэньне, а таксама падвышэньне заробкаў і дзяржаўных выдаткаў.

Хоць урад адмовіўся ад гэтых плянаў, але пратэсты ўжо перарасьлі ў патрабаваньні ягонай адстаўкі і радыкальнай рэформы мадэлі кіраваньня Баўгарыяй.

Дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненьнямі. Паліцыя затрымала 70 чалавек за напады на офісы кіроўных партый. Апазыцыя назвала гэтыя інцыдэнты інсцэнаваньнем з мэтай дыскрэдытацыі ўдзельнікаў акцый.

Адстаўка адбылася празь дзень пасьля таго, як лідэр кіроўнай партыі Бойка Барысаў заявіў, што ўрад ня пойдзе ў адстаўку да афіцыйнага ўступленьня краіны ў эўразону 1 студзеня.

Урад Росэна Жалязкава не пракіраваў і году.

Паводле «Transparency International», па ўзроўні карумпаванасьці Баўгарыя займае другое месца ў Эўрапейскім зьвязе, саступаючы толькі Вугоршчыне. І першае — у рэйтынгу найбяднейшых краін ЭЗ, паводле Эўрастату.

З красавіка 2021 да кастрычніка 2024 году ў Баўгарыі прайшло аж сем парлямэнцкіх выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пасьля крытыкі Трампа заявіў, што гатовы правесьці выбары ва Ўкраіне. Пры адной умове