Сёлета ў Менску працягваюцца як мінімум чатыры маштабныя будоўлі жылых раёнаў і некалькі менш маштабных праектаў. Агулам у гэтым годзе плянуюць збудаваць каля 710 тысяч квадратных мэтраў жыльля, гэта больш за 11 тысяч кватэраў.
Так выглядаў працэс забудовы ў сталіцы ў папярэднія гады:
- 2024 год — 662,5 тысячы квадратных мэтраў
- 2023 год — 771,1 тысячы квадратных мэтраў
- 2022 год — 891,1 тысячы квадратных мэтраў
Жыльлёвыя комплексы ў Менску будуюць як прыватныя, так і дзяржаўныя кампаніі. Вось што вядома пра самыя заўважныя будоўлі.
Ужо будуецца ці часткова збудавана
Minsk World
Комплекс Minsk World — адна з найбуйнейшых будоўляў апошніх гадоў. Яго ставяць на пляцоўцы былога аэрапорту «Мінск-1» і былога авіярамонтнага заводу на поўдні Менску. Гэта тэрыторыя ў 300 гектараў, будаўніцтва плянуюць скончыць у 2027 годзе. У гэтым квартале змогуць жыць 150 000 чалавек. Як паведамляе сайт праекту, на цяперашні момант збудавана ўжо 100 дамоў, плянуюць дабудаваць яшчэ 50.
Праект меў доўгую і пакручастую гісторыю. У 2007 годзе забудову на месцы старога Менскага аэрапорту ўхвалілі, забудоўнікам мела быць расейская газавая кампанія «Ітэра». Засваеньне пляцоўкі некалькі разоў пераносіли, а ў 2012 годзе Лукашэнка, не задаволены ходам будаўніцтва, вырашыў разарваць кантракт з «Ітэрай». Улады Беларусі некалькі гадоў шукалі інвэстара, які б мог рэалізаваць заплянаваны праект, але спробы нічым не заканчваліся. У 2014 згодна з указам Лукашэнкі гэтую пляцоўку без аўкцыёну атрымала «Дана Астра», даччыная структура сэрбскай кампаніі братоў Карычаў Dana Holdings. Тады і пачалася татальная забудова на месцы былога аэрапорту і авіярамонтнага заводу. Будынкі, якія там былі, зьнеслі.
Будаўніцтва комплексу Minsk World. Архіўнае фота
Кампаніі Карычаў трапілі пад санкцыі ЭЗ. А ў 2021 годзе, паводле зьвестак расьсьледнікаў, Карычы спрабавалі перааформіць актывы кампаніяў на іншых пасярэднікаў.
Двухпакаёвыя кватэры ў гэтым комплексе можна знайсьці за 268,8 тысячы рублёў (93 тысячы даляраў), трохпакаёвыя каштуюць каля 350 тысяч рублёў — 119 тысяч даляраў. Статыстыкі таго, ці раскупленыя кватэры ў комплексе, забудоўнікі не прыводзяць. З сайту вынікае, што ў многіх дамах комплексу засталося ад некалькіх да дзясяткаў нявыкупленых кватэраў. У асноўным гэта трох-чатырохпакаёвыя кватэры.
«Паўночны бераг»
Яшчэ адзін буйны будаўнічы праект — на беразе Цнянскага вадасховішча, у межах праспэкту Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай. Тут плянуюць заняць жыльлём прыкладна 941 гектар, ці 9 квадратных кілямэтраў. Будаўніцтва разьлічанае да 2040 году, а да 2027 году плянуюць пабудаваць 15,7 тысяч кватэраў і 118 сядзібных дамоў.
Праект зацьвердзілі ў 2022 годзе. Плянавалася, што ім зоймецца буйны арабскі інвэстар — кампанія Emaar Properties. Першапачаткова заплянаваныя інвэстыцыі — 4 мільярды эўра.
Летась Reuters з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што арабскі інвэстар Махамэд Алі Алабар вырашыў пакінуць беларускі праект з прычыны санкцыяў і жаданьня весьці бізнэс у Эўропе.
Пазьней у кіраўніцтве кампаніі-забудоўніка ТАА «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд» запэўнілі, што ані інвэстыцыі, ані пляны будаўніцтва нікуды ня зьніклі.
На месцы, дзе вядзецца забудова, раней былі сельскагаспадарчыя палі. Ад старту праекту ў 2022 годзе ў эксплюатацыю ўвялі 12 дамоў, наперадзе яшчэ 34. На сайце кампаніі няма статыстыкі, колькі жыхароў ужо набылі тут новыя кватэры. З словаў забудоўніка, цяпер тут жывуць 200 сем’яў, яшчэ 800 сем’яў рыхтуюцца заехаць.
Невялікая кватэра плошчай у 36 квадратаў у фармаце open space без адстройваньня каштуе 231,3 тысячы рублёў, ці 69 900 даляраў. Аднапакаёўка ў 42 квадраты, ужо з рамонтам, абыдзецца ў 364,1 тысячы рублёў, ці 110 тысяч даляраў.
«Новая Баравая», «Зялёная гавань», Depo
За гэтымі праектамі стаіць прыватная кампанія А-100, якая больш за 15 гадоў працуе на беларускім рынку нерухомасьці. Адзін з самых маштабных праектаў — мікрараён Новая Баравая ў Менскім раёне, які пачалі будаваць яшчэ ў 2014 годзе, маштаб — каля 1 мільёна квадратных мэтраў жыльля. І хоць большасьць аб’ектаў у гэтым раёне ўжо збудаваная, поўнае завяршэньне плянуецца на 2029 год. Цэны на самыя танныя аднапакаёўкі ад забудоўніка ў гэтым комплексе стартуюць ад 241,5 тысячы рублёў (83 866 даляраў).
Забудова комплексу "Новая Баравая", архіўнае фота
«Зялёная гавань» — праект малапавярховай забудовы з катэджамі і таўнгаўзамі ў Менскім раёне, недалёка ад Калодзішчаў і заказьніку Сьціклева, на плошчы каля 220 гектараў. Праект у стадыі будаўніцтва, згодна з сайтам забудоўніка, ён мусіць завяршыцца ў 2036 годзе.
Цана двухпакаёвай кватэры ў гэтым комплексе стартуе ад 241 тысяч рублёў, ці 84 тысяч даляраў. На месцы гэтых навабудаў раней былі неўжываныя прыродныя тэрыторыі.
Depo — квартал на месцы старога тралейбуснага дэпо побач з плошчай Перамогі, паміж вуліцамі Кісялёва, Чырвонай і праспэктам Машэрава. Тут плянуюць пабудаваць 557 кватэраў. Гэты кавалак зямлі кампанія выкупіла яшчэ ў 2017 годзе за 8,5 мільёна даляраў, а пазьней выплаціла яшчэ 16 мільёнаў рублёў кампэнсацыяў. Стары тралейбусны парк і будынкі каля яго зьнесьлі пад гэты праект. Квартал пазыцыянуецца як бізнэс-кляса досыць дарагога жыльля. У 6 збудаваных дамах вольных кватэраў, згодна з сайтам забудоўніка, ужо няма. У пяці — ёсьць, гэтыя дамы яшчэ дабудоўваюцца, тэрмін гатоўнасьці 2026–2027 гады. Да прыкладу, трохпакаёвую кватэру ў гэтым квартале прапануюць набыць за 2,8 мільёна рублёў (980 000 даляраў).
У праекце
«Зялёны бор»
У плянах дзяржавы — збудаваць буйны жылы мікрараён за некалькі кілямэтраў ад кальцавой, на землях былога вайсковага палігону 120-й дывізіі. Праект прадугледжвае будаўніцтва 4 мільёнаў квадратных мэтраў нерухомасьці. Рэалізуе яго ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму, то бок дзяржава, а будаваць будзе дзяржаўны МАПІД.
80% гэтай тэрыторыі цяпер займае лес і кустоўе, побач катэджавы пасёлак. Будаваць новы квартал плянуюць пачаць налета, а скончыць да 2040 году.
«Казахстанскі квартал»
Гэты невялікі квартал на 682 кватэры плянуюць збудаваць у межах вуліц Чыгуначнай — Дубравінскай — Грушаўскай — Прамой, агулам гэта 7 вышынных дамоў на месцы колішняга заводу «Сантэхдэталь». Канкрэтныя тэрміны пачатку будаўніцтва пакуль не называлі. Гэты праект таксама рэалізуе дзяржава, плянуецца, што жыльлё тут будзе для ільготнікаў, якія стаяць у чэргах на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Пакуль што пляцоўку расчысьцілі ад вытворчых будынкаў заводу. «Казахстанскім» квартал назвалі паводле дамоўленасьці з уладамі гэтай краіны, у Казахстане, у Астане таксама зьявіцца «Беларускі квартал».
Ілюстрацыйнае фота
Квартал на месцы заводу «Агат»
Яшчэ 9 шматпавярховікаў дзяржава плянуе пабудаваць на месцы колішняга электрамэханічнага заводу «Агат», недалёка ад цэнтру. Межы кварталу — вуліцы Валгаградзкая, Кедышкі, праспэкт Незалежнасьці. Пад праект зьнесьлі 38 будынкаў былога заводу 1950-х гадоў.
Пакуль ёсьць толькі расчышчаная пляцоўка, калі пачнецца будаўніцтва і калі завершыцца — невядома. Таксама ў сталіцы плянуецца яшчэ некалькі менш маштабных забудоваў.
«Набываюць жыльлё, нягледзячы на цэны»
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі рыелтарамі. Паводле іх, людзі ахвотна купляюць жыльлё ў навабудах, нягледзячы на рост цэнаў і не заўсёды выгадныя крэдыты.
«Людзі ўкладаюць грошы, пакуль яны ёсьць, у нерухомасьць; таксама дынаміка станоўчая, пакуль ёсьць хоць колькі-небудзь выгадныя крэдыты», — патлумачыў адзін з суразмоўцаў попыт на жыльлё.
Мінулы год быў рэкордным для набыцьця жыльля ў Менску: 4 тысячы ўгодаў толькі ў першым квартале. Сёлета аб’ём куплі-продажу жыльля меншы — 3,5 тысячы кватэраў у першым квартале.
Доля новых кватэраў сёлета — 8-11% у залежнасьці ад месяца.
7 лістапада старшыня камітэту будаўніцтва і інвэстыцыяў Менгарвыканкаму Ірына Гонтарава заявіла, што ў сталіцы прыватнікам больш ня будуць вылучаць новыя ўчасткі пад будаўніцтва жылой нерухомасьці. Новыя ўчасткі перададуць толькі камунальным, то бок дзяржаўным прадпрыемствам.
Рыелтары, зь якімі гаварыла Свабода, скептычна ўспрымаюць такую інфармацыю.
«Гэта даўняя песьня, потым прыйдуць „свае“ прыватнікі з сувязямі, і ім усё будзе выдзяляцца», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Расьце доля жыльля, якое будуе дзяржава
Людзі працягваюць набываць жыльлё дзякуючы росту даходаў, усё яшчэ даступных крэдытаў і крэдытных рэклямных акцыяў. Пра гэта ў размове з Свабодай расказала старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
Ілюстрацыйнае фота
«Улады спрыяюць таму, каб жыльлё будавалася. Інвэстыцыі ў жыльлё растуць. У прагнозе на гэты год дзяржава разглядала інвэстыцыі як драйвэр росту эканомікі. А інвэстыцыі ў жыльлё — адзін зь яго кампанэнтаў. На попыт у гэтай галіне ўплывае выдача банкамі інвэстыцыйных крэдытаў. Нягледзячы на запаволеньне росту даходаў, заробкі ў рэальным вымярэньні працягвалі расьці. Гэта спрыяла таму, што людзі бралі крэдыты і ўкладаліся ў нерухомасьць», — заўважае суразмоўца.
Эканамістка прыводзіць прыклад: летась у студзені–кастрычніку доля жыльля, збудаванага зь дзяржаўнай падтрымкай, была 48,4 тысячы квадратных мэтраў, а сёлета — 95,8 тысячы квадратных мэтраў. Рост амаль удвая.
Агулам жа з студзеня па кастрычнік у Менску пабудавалі 452,9 тысячы квадратных мэтраў жыльля. У кастрычніку старшыня камітэту будаўніцтва і інвэстыцыяў Менгарвыканкаму Ірына Гонтарава казала пра даручэньне Лукашэнкі будаваць у сталіцы ня больш за 500 тысяч квадратных мэтраў жыльля штогод.