Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН аб узмацненьні супрацы ў мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы

Пасяджэньне Генэральнай асамблеі ААН. Архіўнае фота

Генэральная асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю «Ўзмацненьне міжнароднай супрацы і каардынацыі намаганьняў у вывучэньні, зьмякчэньні і мінімізацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы».

Як паведаміла агенцтва «Укрінформ», рэзалюцыю падтрымалі 97 краін, супраць як прагаласавалі 8 і 39 утрымаліся.

Сярод краін, якія прагаласавалі супраць — Расея, Беларусь, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Нігер і ЗША.

У дакумэнце прызнаюцца працяглыя сур’ёзныя наступствы аварыі, патрэбы пацярпелых грамадзян і населеных пунктаў, а таксама адзначаецца важная роля ААН, у тым ліку Праграмы разьвіцьця ў аднаўленьні пацярпелых тэрыторый.

У рэзалюцыі выказалі сурё’зную заклапочанасьць праз пашкоджаньне дронам 14 лютага 2025 году новага ўкрыцьця над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС, што стварыла пагрозу ягонай бясьпецы, а таксама заявілі аб неабходнасьці міжнароднай падтрымкі ў аднаўленьні аб’екту.

Апроч таго, у рэзалюцыі адзначаецца, што назва Чарнобыль у міжнародных дакумэнтах па-ангельску будзе перадавацца адпаведна ўкраінскіх моўных нормаў — Chornobyl.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ: укрыцьцё над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС не выконвае асноўныя функцыі бясьпекі