У Польшчы выкрылі групу, якая займалася незаконнай легалізацыяй замежнікаў, сярод удзельнікаў — беларус

Польскія памежнікі. Ілюстрацыйнае фота

Польская памежная служба паведаміла пра раскрыцьцё злачыннай групы, якая займалася незаконнай легалізацыяй замежнікаў на тэрыторыі Польшчы і іншых краін.

Згодна з вынікамі сьледзтва, удзельнікі групы ў 2020–2024 гадах выкарыстоўвалі падробленыя дакумэнты, у тым ліку фіктыўныя заявы аб намеры ўладкавацца на працу і ілжывыя дэклярацыі аб месцы жыхарства замежнікаў. Такім чынам яны ўводзілі ў зман мясцовыя ўлады і дапамагалі атрымліваць польскія віды на жыхарства.

Паведамляецца, што паслугамі групы маглі карыстацца да 1,5 тысячы чалавек, — імігранты з Узбэкістану, Таджыкістана, Беларусі, Туркмэністана, Кіргізстана, Грузіі, Турэччыны, а таксама з афрыканскіх краін.

За дапамогу кожны замежнік плаціў ад 3 да 5 тысяч злотых (825–1375 даляраў па бягучым курсе Нацыянальнага банка Польшчы).

Затрыманыя 24 чалавекі — грамадзяне Украіны, Польшчы, Беларусі, Узбэкістану, Пакістану і Філіпін, у тым ліку два мужчыны, падазраваныя ў кіраўніцтве групоўкай (52-гадовы паляк і 39-гадовы грамадзянін Украіны).

«Падчас ператрусаў былі канфіскаваны: тэлефоны, ноўтбукі, прынтэры, шырокая дакумэнтацыя, наяўныя грошы ў розных валютах на суму больш за 40 000 злотых (11 000 даляраў), аўтамабіль коштам прыблізна 120 000 злотых (33 000 даляраў) — усё гэта было канфіскавана для забесьпячэньня будучых пакараньняў і штрафаў», — гаворыцца ў рэлізе.

Абвінавачаным, сярод іншага, выставілі абвінавачваньні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы, садзейнічаньні незаконнаму знаходжаньню замежнікаў, падробцы дакумэнтаў і дачы ілжывых паказаньняў, усяго каля 1,5 тысячы абвінавачваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія спэцслужбы мяркуюць, што загад на падрыў польскай чыгункі аддаваў Пуцін