Беларускі добраахвотнік, які ваяваў на баку Ўкраіны, перанёс цяжкія хваробы, а яго абвінавацілі ва ўцёках з вайны

Зьміцер Палойка, беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне

Беларус Зьміцер Палойка, які добраахвотнікам ваяваў на баку Ўкраіны спачатку ў 2014–2016 гадах, а ў студзені 2022 году падпісаў кантракт з украінскім войскам, у часе цяперашняй вайны перанёс цяжкія захворваньні, і цяпер яму патрэбная апэрацыя.

Зьміцер Палойка расказаў Свабодзе, што яго абвінавацілі ў самавольным пакіданьні вайсковай часткі і скарацілі грашовыя выплаты, прадугледжаныя для вайскоўцаў у зоне баявых дзеяньняў.

«Пасьля лекаваньня гепатыту, зь якім мяне шпіталізавалі з „нуля“ (зь лініі фронту. — РС), мяне прызналі абмежавана прыдатным, але папрасілі выйсьці на пазыцыі, і ўжо ў сьнежні (2023 году. — РС), калі там шмат людзей хварэлі на запаленьне лёгкіх і пнэўманію, я таксама захварэў, і мяне шпіталізавалі ў Дніпры. У мяне быў асяродак у лёгкіх, дыягнаставалі сухоты і ўрэшце выдалілі частку лёгкага», — расказаў Свабодзе Зьміцер Палойка.

Пазьней у яго выявілі яшчэ захворваньні каленных суставаў і рэкамэндавалі працягнуць лячэньне. З вайсковай часткі яго накіравалі ў мэдычную роту, якая на той момант дысьлякавалася ў Дабрапольлі Данецкай вобласьці, на другой лініі абароны (паблізу лініі фронту). У мэдычнай роце яго папярэдзілі, што абсьледаваньняў трэба чакаць некалькі месяцаў, і, паводле дамоўленасьці, ён накіраваўся ў Дніпро, у месца жыхарства, для далейшага лячэньня.

«Увесь гэты час я быў на сувязі з вайсковай часткай, нікуды не ўцякаў і не атрымліваў ніякіх загадаў і распараджэньняў аб сваім месцы знаходжаньня, бо быў накіраваны ў мэдычную роту», — сказаў Зьміцер Палойка.

Паводле яго, адначасова зь лячэньнем ён спрабаваў перавесьціся ў іншыя часткі, бо стан здароўя, пацьверджаны высновамі лекараў, ужо не дазваляў яму паўнавартасна служыць і знаходзіцца на фронце.

«Я спрабаваў перавесьціся ў супрацьпаветраную абарону, але мне адмовілі акурат праз стан здароўя пасьля перанесеных сухотаў, потым — у тэрытарыяльны цэнтар камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК выконваюць ва Ўкраіне функцыі вайсковых камісарыятаў. — РС). І калі ўжо ўзгаднілі мой перавод у іншую вайсковую частку, высьветлілася, што мне прыпісалі самавольнае пакіданьне вайсковай часткі. У выніку і перавод скасавалі», — паведаміў Зьміцер.

Цяпер ён у Краматорску, у месцы распараджэньня камандзіра вайсковай часткі. Ад знаку «Краматорск» на ўезьдзе ў горад да лініі фронту менш чым 16 кілямэтраў. Гэтую адлегласьць у сучасных рэаліях вайны FPV-дрон пераадольвае за 10 хвілін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вызвалім усё, настрой баявы». Беларускі добраахвотнік ваюе за Ўкраіну

У вайсковай частцы налічылі 12 дзён «уцёкаў» Палойкі

У загадзе ад 31 кастрычніка 2025 году камандзіра вайсковай часткі, у якой служыць Зьміцер Палойка, сапраўды адзначаецца, што сяржанта, наводчыка танкавага ўзводу Зьмітра Палойку прызналі такім, што «самавольна пакінуў вайсковую частку», і на гэтай падставе яму прыпынілі выплату грашовага забесьпячэньня і зьнялі «зь іншых відаў забесьпячэньня з дня самавольнага пакіданьня вайсковай часткі 31 кастрычніка».

Калі Зьміцер у пачатку лістапада вярнуўся ў Краматорск і зноў зьвярнуўся з адпаведным рапартам, яму адказалі, што службовае расьсьледаваньне было прызначана 7 лістапада, а ўжо 11 лістапада прызналі, што ён вярнуўся на службу пасьля «ўцёкаў», і мусілі аднавіць усе выплаты. Але гэтага не адбылося.

За апошнія два месяцы яму выплацілі меншы заробак, зьнялі з харчовага забесьпячэньня, якое аднавілі толькі пасьля пераводу ў роту рэзэрву ў пачатку сьнежня.

Зьміцер Палойка дадаў, што для пацьвярджэньня абвінавачаньняў у самавольным пакіданьні вайсковай часткі павінна спачатку прайсьці ўнутранае расьсьледаваньне.

«Яго сфальсыфікавалі, і я хачу, каб праваахоўныя органы праверылі, як яго праводзілі», — адзначыў ён.

Вольга Рашацілава

Свабода зьвярнулася па камэнтар гэтай сытуацыі да Ўпаўнаважанай прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў Вольгі Рашацілавай.

«Я не магу пракамэнтаваць без папярэдняй праверкі», — напісала яна ў адказ на пытаньне Свабоды ў сацыяльных сетках.

Вольга Рашацілава параіла журналісту зьвярнуцца з афіцыйным запытам, а Зьмітру — накіраваць скаргу на імя Ўпаўнаважанай прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў.

Пасьля публічнага звароту Зьмітра праз сацыяльныя сеткі да праваахоўных структураў і праз амаль месяц знаходжаньня ў Краматорску без забесьпячэньня яму ўрэшце выдалі накіраваньне на лекаваньне. Неўзабаве для гэтага ён плянуе выехаць з франтавога Краматорску. Цяпер ён таксама зьвярнуўся на гарачую лінію Міністэрства абароны, каб высьветліць усе абставіны сваёй справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля 400 беларусаў дадалі ў расейскую базу вышуку за апошнія 3 месяцы. Сярод іх добраахвотнікі і былыя палітвязьні

Як украінскае заканадаўства трактуе самавольнае пакіданьне вайсковай часткі

Ва Ўкраіне самавольнае пакіданьне вайсковай часткі — крымінальнае злачынства. Яго адлік згодна з артыкулам 407 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пачынаецца, калі вайсковец без паважлівых прычын не зьяўляецца на службу больш за тры дні і адсутнічае больш за месяц. Пакараньне залежыць як ад працягласьці адсутнасьці вайскоўца, так і ад месца і ад часу, у які ён гэта зрабіў. Найбольш суровае пакараньне — ва ўмовах ваеннага становішча.

За незьяўленьне на месцы службы вайскоўца, залежна ад абставінаў, могуць пакараць службай у дысцыплінарным батальёне да двух гадоў, штрафам (цяпер ад 17 тысяч да 68 тысяч грыўняў, што эквівалентна адпаведна 400 і 1610 далярам. — РС) або пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.

Калі вайсковец праз пэўны час усё ж вяртаецца ў частку, ягоную адсутнасьць не разглядаюць як злачынства. Тое самае адбываецца і ў выпадку паважлівых прычын, сярод якіх юрысты называюць аб’ектыўныя фактары, якія перашкаджаюць своечасова зьявіцца, — напрыклад, стыхійнае бедзтва, затрыманьне органамі ўлады, перапынак у руху транспарту і гэтак далей.

У выпадку кепскага стану здароўя вайсковец, якога абвінавачваюць ва «ўцёках», павінен дакумэнтальна пацьвердзіць дыягназ, у выніку якога ён больш ня можа выконваць вайсковых абавязкаў. Гэтыя дакумэнты ён абавязаны надаць падчас унутранага расьсьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывіста
  • Беларус Зьміцер Палойка ў 2020 годзе атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Перад вайной паступіў на завочнае навучаньне ў Данецкі нацыянальны ўнівэрсытэт, на юрыдычны факультэт. Жанаты, мае дачку, якой яшчэ ня споўнілася і паўгоду.
  • Удзельнічаў у баях на найбольш складаных кірунках у Данецкай, Харкаўскай і Луганскай вобласьцях.
  • Беларускі КДБ дагэтуль лічыць яго грамадзянінам Беларусі. Зьміцер Палойка фігураваў у справе Мікалая Аўтуховіча. Паводле КДБ, зь ім Аўтуховіч нібыта абмяркоўваў набыцьцё зброі на тэрыторыі Ўкраіны «для правядзеньня акту тэрарызму ў Беларусі».
  • З падачы КДБ Беларусі Зьмітра Палойку ўключылі ў базу вышуку расейскага МУС.