Паводле нашай інфармацыі, пакуль адкрытымі застаюцца дата пераезду і тое, хто з каманды можа пасьледаваць разам зь Ціханоўскай у Варшаву.
«Рашэньне аб пераезьдзе прынятае на 100%», — сказала Свабодзе адна з крыніц.
Разглядаецца варыянт, пры якім частка Офісу Ціханоўскай працягне працу ў сталіцы Літвы.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ня даў адназначнага адказу на пытаньне Свабоды пра пераезд Офісу Ціханоўскай.
«Мы ўсё яшчэ чакаем фінальнай схемы, сыстэмы аховы, якая мусіць быць забясьпечана [Сьвятлане Ціханоўскай] у Літве, — пракамэнтаваў Дзяніс Кучынскі. — На дадзены момант Сьвятлана знаходзіцца пад апекай Літвы, дзяржаўнай службы аховы. Толькі пасьля таго, як атрымаем фінальнае рашэньне ад Літвы, мы прааналізуем прапанову і будзем вырашаць, як дзейнічаць».
Дзяніс Кучынскі кажа, што яны «хацелі б застацца і далей працаваць у Вільні», але «яшчэ некалькі месяцаў таму, калі гэтая сытуацыя зьявілася, мы пачалі разглядаць розныя варыянты». Паводле яго, сёньня «даты пераезду ці там нейкага пляна» няма.
7 кастрычніка сёлета стала вядома, што Літва зьніжае ўзровень фізычнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільні. Ахову перадалі ад Службы бясьпекі кіраўніцтва дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Назаўтра прадстаўнікі Ціханоўскай паведамілі, што праца фізычнага офіса дэмакратычнай лідэркі ў літоўскай сталіцы прыпыненая ў сувязі «са зьменамі ў сыстэме аховы і бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчымы пераезд і ціск на сваякоў: Офіс Ціханоўскай паведаміў заходнім урадам пра зьніжэньне ўзроўню аховы ў ЛітвеДзейная кіраўніца ўрада Літвы Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не зьнятая, але «скарэктаваная з улікам наяўных рэалій». На яе думку, літоўскія службы «выдатна выконваюць сваю працу, штодня ацэньваючы ўзровень пагроз і мадэлюючы, якія захады бясьпекі трэба рабіць на аснове гэтага». Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што сытуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца прэзыдэнта Наўседы: няма фінальных рашэньняў аб ахове Ціханоўскай у ЛітвеШэраг літоўскіх палітыкаў скрытыкавалі гэтае рашэньне, назваўшы яго не тэхнічным, а палітычным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат: Вільня стала значна больш уплывовай сталіцай, таму што тут працаваў офіс Сьвятланы17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханоўскай ахову — да тае пары, пакуль не будзе сфармаваная новая сыстэма бясьпекі.
Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні з 11 жніўня 2020 года, куды пераехала пасьля ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах пад ціскам і пагрозамі ёй і яе дзецям. У сталіцы Літвы паўстаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, які стаў цэнтрам палітычных высілкаў дэмакратычных сілаў Беларусі.
Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году. Але апошнім часам пачалі гучаць крытычныя галасы некаторых палітыкаў адносна таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела занадта высокі статус аховы з боку літоўскай Службы аховы кіраўніцтва, нібыта гэта каштавала задорага для бюджэту краіны.