У Кіеве знайшлі мёртвым сына першага касманаўта незалежнай Украіны Леаніда Каданюка

Цэнтар Кіева, ілюстрацыйнае фота

У цэнтры Кіева знайшлі мёртвым 41-гадовага Дзьмітра Каданюка — сына першага касманаўта незалежнай Украіны Леаніда Каданюка.

Як паведаміла агенцтва «РБК-Україна» з спасылкай на свае крыніцы, цела сына ў ягонай кватэры раніцай 10 сьнежня знайшла яго маці Вера.

Знаёмыя сваякоў паведамілі выданьню, што Дзьмітра знайшлі каля ўваходных дзьвярэй. Ён быў у крыві, а ў руцэ трымаў нож. На целе выявілі шматлікія парэзы.

Перадсьмяротнага ліста не было, а характар раненьняў больш нагадвае барацьбу, чым самагубства.

Паліцыя завяла справу паводле артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — наўмыснае забойства. Канчатковую прычыну сьмерці вызначыць судова-мэдычная экспэртыза.

З адкрытых крыніц вядома, што пасьля сьмерці Леаніда Каданюка паміж сваякамі былі спрэчкі за спадчыну, у тым ліку кватэру, у якой знайшлі цела Дзьмітра.

Вера Каданюк расказала журналістам, што яна і яе сын атрымлівалі пагрозы ад іншага сына касманаўта ў першым шлюбе — Уладзіміра, які таксама прэтэндуе на маёмасьць.

Першы касманаўт незалежнай Украіны Леанід Каданюк памёр на 68 годзе жыцьця 31 студзеня 2018 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы касманаўт Украіны Каданюк. «Хай беларус ляціць зь беларускім сьцягам» — казаў ён Свабодзе