«Звычайны дзень у беларускіх папраўчых калёніях пачынаецца з паходу ў сталоўку. Зьняволеных вядуць туды калёнай, каб падсілкаваць перад цяжкай працай. На вялікіх сталах, разьлічаных на дзесяць чалавек, кожнага вязьня чакае так званы сьняданак. У мэталічнай талерцы — скупа адмераная порцыя таннай кашы, шчодра палітая камбінаваным тлушчам, побач луста шэрага турэмнага хлеба, а ў кубачку да паловы налітая цёплая падсалоджаная вада, зафарбаваная ў колер гарбаты. Гэта ўсё», — піша праваабарончы цэнтар Вясна.
Да абеду вязьні будуць вымушаныя працаваць на галодны шлунак. Праносіць хоць якую ежу ў прамысловую зону катэгарычна нельга. Вінаватых у парушэньні забароны чакае ШЫЗА, дзе ўмовы ўтрыманьня ў разы горшыя.
Былая палітзьняволеная Алена Маўшук расказала пра жаночую калёнію № 24 у г.п. Зарэччы:
«Харчаваньне жахлівае. Калі свайго нічога няма, то людзі ходзяць галодныя. Выходзіш з сталоўкі, крыху паходзіш і ўжо зноў есьці хочацца. Бо ежа нясытная, поснае ўсё».
Былы палітвязень (імя не называецца ў мэтах бясьпекі) расказаў пра харчаваньне ў калёніі № 4 у Навасадах:
«Ежы вельмі мала, мужык ня можа там наесьціся. Шмат хто з асуджаных падыходзіў да супрацоўнікаў адміністрацыі і выпрошваў, ледзь не на каленях, дабаўку. У мяне ёсьць чалавечая годнасьць, таму я так ніколі не рабіў».
Былая палітзьняволеная Тацяна Купчына з калёніі № 4 у Гомлі адзначыла:
«У асноўным гэта была пустая аднастайная ежа, пасьля якой хацелася есьці ўжо, мабыць, праз 15-20 хвілінаў».
Вясна нагадвае стандарты, якімі рэгулюецца харчаваньне ў турмах:
Правіла 22 Мінімальных стандартных правілаў ААН абыходжаньні са зьняволенымі (Правілы Нельсана Мандэлы):
- 1. Турэмная адміністрацыя павінна ў звычайныя часы забясьпечваць кожнаму зьняволенаму харчаваньне, дастаткова сытнае для падтрыманьня яго здароўя і сілаў, дастаткова добрай якасьці, добра прыгатаванае і пададзенае.
- 2. Кожны зьняволены павінен мець пітную ваду, калі ўзьнікае такая патрэба.
Ч. 3 арт. 94 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь:
- «Асуджаныя атрымліваюць харчаваньне, якое забясьпечвае нармальную жыцьцядзейнасьць арганізму. Нормы харчаваньня і сродкаў асабістай гігіены вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненьні з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь».