Прапанова Літвы, зь якой азнаёміўся эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, дазволіць Эўразьвязу ўводзіць санкцыі супраць людзей і арганізацый, якія пагражаюць сувэрэнітэту або незалежнасьці адной ці некалькіх дзяржаў ЭЗ.
Як такая пагроза будуць расцэненыя любыя дзеяньні супраць дэмакратычных інстытутаў, эканомікі і паслугаў агульнаграмадзкай значнасьці. У тым ліку плянаваньне, кіраваньне, просты ці ўскосны ўдзел у такіх дзеяньнях, а таксама падтрымка ці спрыяньне ім.
У прыватнасьці, нагодай для санкцый будзе «несанкцыянаванае пранікненьне на тэрыторыю дзяржавы-сябра ЭЗ, у тым ліку ў яе паветраную прастору». А таксама «парушэньне функцыянаваньня крытычнай інфраструктуры».
Чакаецца, што гэтыя крытэры ўсе дзяржавы Эўразьвязу ўхваляць яшчэ да Калядаў.
І Літва ўжо мае і канкрэтныя прапановы новых санкцый супраць уладаў Беларусі. Сярод іх —
- поўная забарона на транзакцыі для 10 беларускіх банкаў,
- санкцыі супраць азотных угнаеньняў у дадатак да ўведзеных раней супраць калію,
- забарона імпарту беларускага рапсавага алею і солі.
Паводле літоўскіх чыноўнікаў, якія паразмаўлялі з Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, з чэрвеня зь Беларусі ў Літву заляцелі 315 паветраных шароў, зь іх найбольш у кастрычніку — 71.
Шары служаць як для дастаўкі кантрабандных цыгарэт, так і для дывэрсій — прымушаючы закрываць аэрапорты зь меркаваньняў бясьпекі.
З кастрычніка лётнішчы ў Вільні і Коўне закрывалі 15 разоў, што закранула больш як 45 тысяч пасажыраў і больш як 320 рэйсаў.
9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка зноў, згадаўшы і шары, і заблякаваныя ў Беларусі літоўскія фуры, заклікаў Вільню да перамоваў. І агучыў свае патрабаваньні:
- вярнуць грошы, укладзеныя ў будаўніцтва порта ў Клайпедзе,
- аднавіць працу беларускага санаторыя ў Друскеніках,
- вярнуць «17 ці 20 аўтамабіляў», якія канфіскавалі ў Літве падчас дастаўкі ў Зымбабвэ.