Лукашэнка падоўжыў на 2026 год бязьвіз для грамадзянаў 38 эўрапейскіх дзяржаваў

Ілюстрацыйнае фота.

Як паведаміла БЕЛТА, па рашэньню Аляксандра Лукашэнкі бязьвізавы рэжым уезду ў краіну для грамадзян 38 эўрапейскіх дзяржаваў прадоўжаны да 31 сьнежня 2026 года.

Умовы бязвізавага ўезду застаюцца ранейшымі. Грамадзяне гэтых краінаў могуць перасякаць дзяржаўную мяжу Беларусі праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя міжнародныя пункты пропуску, выкарыстоўваючы сапраўдныя дакумэнты для выезду за мяжу. Тэрмін знаходжаньня ў Беларусі складае ня больш за 30 сутак з дня ўезду, а для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і асоб, якія маюць статус не грамадзяніна Латвіі, — ня больш за 90 сутак.

Правам бязьвізавага ўезду можна карыстацца неабмежаваную колькасьць разоў, пры гэтым агульная колькасьць дзён знаходжаньня па бязьвізе не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе. Захоўваецца таксама бязьвізавы парадак уезду праз аэрапорты Беларусі.

Замежныя грамадзяне, якія прыбылі ў бязьвізавым парадку, могуць рухацца транзытам праз краіну, уключаючы паветраныя пункты пропуску, у трэція дзяржавы, за выключэньнем Расеі.

Паводле БелТА, з 1 студзеня гэтага года ў Беларусь прыбылі больш як 210 тыс. замежных грамадзян з 38 краінаў, уключаных у сьпіс бязьвіза.

Вось гэтыя краіны:

  1. Андора
  2. Аўстрыя
  3. Бэльгія
  4. Босьнія і Герцагавіна
  5. Баўгарыя
  6. Харватыя
  7. Кіпр
  8. Чэхія
  9. Данія
  10. Эстонія
  11. Фінляндыя
  12. Францыя
  13. Германія
  14. Грэцыя
  15. Вугоршчына
  16. Ісьляндыя
  17. Ірляндыя
  18. Італія
  19. Латвія
  20. Ліхтэнштэйн
  21. Літва
  22. Люксэмбург
  23. Мальта
  24. Манака
  25. Нідэрлянды
  26. Паўночная Македонія
  27. Нарвэгія
  28. Польшча
  29. Партугалія
  30. Румынія
  31. Сан-Марына
  32. Славакія
  33. Славенія
  34. Гішпанія
  35. Швэцыя
  36. Швайцарыя
  37. Вялікабрытанія
  38. Ватыкан

Большасьць гэтых краінаў рэжым Лукашэнкі лічыць «недружалюбнымі» за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт паведаміў, колькі эўрапейцаў уехалі ў Беларусь з боку ЭЗ за год дзеяньня пашыранага бязьвізу