Прарасейскі фэст «Сонцастаяньне» больш ня будзе праводзіцца ў Пружане — улады не далі дазволу

Пружана, архіўнае фота

Фэстываль «Сонцастаяньне» ў Пружанах, куды прывозілі расейскіх артыстаў, якія падтрымалі вайну, у 2026 годзе не адбудзецца.

Пра гэта арганізатары паведамілі ў сацыяльных сетках.

«ТАА „Сонцастаяньне“ ня ўключана ў Рэестар арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў (ліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 02−01−09/550 ад 14.11.2025 г.) і ня мае права наймаць замежных (у тым ліку расейскіх) выканаўцаў. З-за вышэйзгаданага рок-фэстывалю „Сонцастаяньне“ не плянуецца праводзіць у 2026 годзе», — напісалі арганізатары.

Open-air фэст «Сонцастаяньне» праходзіў у Пружане ў 2023—2025 гадах. Сёлета на ім выступалі расейскія музыкі, якія падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне: Юлія Чычэрына, Сьвятлана Сурганава, Вячаслаў Бутусаў, гурты «Аліса», «Арыя», «Чайф», паведаміла «Люстэрка».

Як пісаў расьледніцкі цэнтар «Бюро», у гэтым фэстывалі задзейнічаны адзін з «кашалькоў» Лукашэнкі — бізнэсмэн Аляксандар Зайцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога над КДБ, віртуозная праца на сцэне. Расказваем пра арыштаванага лідэра «Палацу» музыку Алега Хаменку